БХД ініцыюе «Хвалю салідарнасці» з беларускімі палітвязнямі
11 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў БелаПАН, што аргкамітэт па стварэнні партыі пачынае акцыю “Хваля салідарнасці” ў падтрымку палітвязняў, якая будзе праходзіць у фармаце штодзённага марафона ў розных гарадах Беларусі ў лютым – сакавіку гэтага года.
“Мы заклікаем усіх прыхільнікаў дэмакратычных зменаў прыняць удзел у “Хвалі салідарнасці”, якая будзе праходзіць з 12 лютага па чарзе ў вялікіх і сярэдніх гарадах Беларусі. Акцыі могуць праходзіць у форме пікетаў, мітынгаў, збору сродкаў для сем’яў рэпрэсаваных, адпраўкі лістоў і пасылак палітвязням і іншых. Завяршыць кампанію мы плануем у Дзень Волі 25 сакавіка”, – сказаў ён.
Рымашэўскі адзначыў, што салідарнасць з палітвязнямі з’яўляецца справай не асабіста БХД, а ўсяго беларускага грамадства. “Прапануем далучацца да “Хвалі салідарнасці” розныя структуры. Мы вялі кансультацыі з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. 12 лютага мы разам з лідэрам АГП Анатолем Лябедзька будзем удзельнічаць у акцыі ў Бабруйску”, – паведаміў ён.
Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі разумее, што правядзенне акцыі стане “пэўным выклікам дзяржаўнай сістэме”. “Верагодна, на дэмакратычных актывістаў будзе аказвацца ціск. Аднак нават пры нашым дрэнным заканадаўстве ёсць формы правядзення акцый (флэш-мобы, вывешванне расцяжак і іншыя), якія будуць дастаткова бяспечныя для актывістаў”, – сказаў ён.
“Грамадства быццам бы ўжо прызвычаілася да таго, што ў Беларусі ёсць палітвязні. Таму цяпер востра патрэбна кампанія ў іх падтрымку. Улады не саслабляюць рэпрэсіі, узбуджаюцца палітычныя справы, як, напрыклад, у дачыненні да Андрэя Гайдукова, які абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве. Падобныя затрыманні могуць быць праведзены ў дачыненні і іншых дэмакратычных актывістаў “, – лічыць Рымашэўскі.