Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка хоча, каб Халіп з’ехала з Беларусі
Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў дазвол на выезд за межы Беларусі, які атрымала жонка Андрэя Саннікава, журналістка Ірына Халіп, асуджаная за падзеі на Плошчы 19 снежня 2010 года.
“Я віншую Ірыну Халіп з тым, што яна зможа пабачыцца з мужам. Яна выдатны чалавек і выбітная журналістка. І я рады, што яе сям’я хаця б на кароткі час зможа ўз’яднацца”, – адзначыў ён.
Сустаршыня БХД лічыць, што рэжым паспрабуе выдаць гэты дазвол за лібералізацыю, “праявы чалавечнасці”. “Ні ў кога не павінна быць ілюзій. Мы павінны змагацца не за дазвол на выезд, а за вяртанне ў Беларусь усіх тых, хто зараз вымушаны знаходзіцца за мяжой, за вызваленне і рэабілітацыю палітвязняў, за адмену несправядлівых прысудаў. Толькі тады, калі гэта будзе зроблена, можна будзе казаць пра нейкія змены”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Пры гэтым ён адзначыў, што рэжым спрабуе выціснуць з краіны людзей, якія ўяляюць для яго небяспеку. “Лукашэнка сам казаў пра гэта. Для яго зручней, каб гэтыя людзі былі не ў Беларусі”, – заявіў ён.