“Хваля салідарнасці” з беларускімі палітвязнямі ў Бялынічах
Бялыніцкія актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі БХД пачалі правядзенне інфармацыйнай кампаніі ў абарону палітвязняў “Хваля салідарнасці”, якая па ініцыятыве аргкамітэту БХД будзе праводзіцца ў розных гарадах Беларусі.
У прыватнасці, з 12-га лютага актывістамі БХД у Бялынічах распаўсюджваюцца інфармацыйныя ўлёткі і газеты “Крыніца” з інфармацыяй аб кампаніі ў абарону палітвязняў “Хваля салідарнасці”.
“Мы пачалі інфармацыйную кампанію аб “Хвалі салідарнасці” з беларускімі палітвязнямі, распаўсюджваючы ўлёткі і газету “Крыніца” з інфармацыяй аб гэтай акцыі, – распавядае бялыніцкі сябар аргкамітэту па стварэнню партыі БХД Пётр Шымбалёў. – Як вядома, мерапрыемствы ў межах гэтай акцыі будуць праходзіць у розных гарадах нашай краіны. Не абміне “Хваля салідарнасці” і Бялынічы, дзе на 12 сакавіка мы запланавалі правядзенне некалькіх акцый у падтрымку ахвяр палітычных рэпрэсій. Ну а пакуль інфармуем бялынічан аб гэтай кампаніі, заклікаем людзей нейкім чынам падтрымаць беларускіх палітвязняў. Я асабіста спадзяюся, што нейкі плён ад нашай дзейнасці будзе”.