Пасол Францыі напісаў кнігу пра цудатворныя абразы Беларусі (відэа)
Пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнеры напісаў кнігу “Цудатворныя іконы Беларусі”. Уступнае лова да яе склалі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
“Кніга “Цудатворныя іконы Беларусі” прадстаўляе найбольш вядомыя і шанаваныя на Белай Русі абразы. Аўтарам кнігі зроблена вялікая работа па зборы, вывучэнні і сістэматызацыі сабранага матэрыялу”, – гаворыцца ва ўступным слове Тадэвуша Кандрусевіча.
Па словах мітрапаліта, такую кнігу мог напісаць толькі глыбока веруючы чалавек, якім і з’яўляецца Мішэль Рэнеры, які кожны дзень удзельнічае ў імшы ў мінскім архікатэдральным касцёле. Вельмі важным іерарх назваў наяўнасць у кнізе як каталіцкіх, так і праваслаўных абразоў, што, адзначыў ён, з’яўляецца пацвярджэннем добрых адносін паміж гэтымі веравызнаннямі.
Прэзентацыя кнігі адбылася 9 лютага ў 11:00 падчас літаратурнай сустрэчы з удзелам Мішэля Рэнеры на ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа”.
—–
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя шчыра ўдзячная пану амбасадару за дадзеную кнігу. “Паважаць іншага і яго думку. Вывучаць краіну, дзе жывеш, і яе каштоўнасці. Дзякуй за добрыя нагадкі, спадар Мішэль”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.