Зварот з нагоды Дня роднай мовы

21 лютага 2013 07:44  |  Галоўныя навіны

Зварот

з нагоды Дня роднай мовы

Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя

 

Наша мова для нас святая,

бо яна нам ад Бога даная

Францішак Багушэвіч

 

21 лютага азначаецца міжнародны дзень роднай мовы. У нашай краіне з улікам сітуацыі з мовай тытульнай нацыі гэты дзень набывае асаблівае значэнне. Родная мова дадзеная нам Богам!

 

У 2009 годзе Арганізацыя Аб’яднаных Нацый  па пытаннях адукацыі, навукі і культуры ЮНЕСКА аднесла беларускую мову да моў, якія апынуліся пад пагрозай поўнага знікнення. Працэс скарачэння выкрыстання беларускай мовы ў афіцыйнай публічнай прасторы набыў асабліва пагрозлівыя памеры пасля рэферэндуму 1995 года.

 

Беларусь застаецца адзінай у свеце краінай, якая не мае вышэйшай адукацыі на афіцыйнай дзяржаўнай мове. На сённяшні час толькі 0,2% студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў і 16% школьнікаў навучаюцца на беларускай мове. Адсотак моладзі, якая атрымлівае адукацыю на беларускай мове, скарачаецца з года ў год. Нярэдкімі з’яўляюцца выпадкі, калі дзяржаўныя чыноўнікі не валодаюць або ў недастатковай ступені валодаюць афіцыйнай мовай сваёй дзяржавы.

 

Моўная палітыка незалежнай Рэспублікі Беларусь не адпавядае запатрабаванням беларускага грамадства і нацыянальным інтарэсам нашай дзяржавы. Паводле звестак перапісу насельніцтва 2009 года 84% грамадзян лічаць сябе беларусамі, а 53% вызначылі беларускую мову ў якасці роднай.   

 

Беларускія хрысціянскія дэмакраты як нацыянальная палітычная сіла заўсёды стаялі на пазіцыях адраджэння, развіцця і пашырэння сферы ўжытку беларускай мовы у нашым грамадстве.

 

Моўнае пытанне з’яўляецца прынцыповым для БХД, таму што закранае асновы грамадскага ладу. Для хрысціянскіх дэмакратаў вельмі важна заставацца вернымі сваім духоўным традыцыям, пераймаць іх ад папярэднікаў і перадаваць наступнікам. Абыякавае і нядбайнае стаўленне дзяржавы да беларускай мовы пазбаўляе нас пераемнасці, знішчае пачатую задоўга да нас традыцыю.

 

Мы лічым, што толькі у межах Рэспублікі Беларусь як нацыянальнай дзяржавы беларусаў можна забяспечыць годныя ўмовы для існавання і развіцця беларускай мовы як мовы тытульнай нацыі. Занядбанне роднай мовы нясе пагрозу для нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

 

Беларускія хрысціянскія дэмакраты выступаюць за адмену зменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь паводле вынікаў рэферэндуму 1995 года, які быў праведзены ў парушэнне дзеючага заканадаўства.

 

БХД як нацыянальная палітычная сіла выступае за вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь, а за рускай мовай замацаванне статусу мовы міжнацыянальных зносін.

 

Партыя БХД заклікае сваіх сябраў і ўсіх прыхільнікаў роднага слова выкарыстоўваць усе законныя магчымасці для пашырэння сферы ўжытку беларускай мовы ў штодзённым жыцці нашага грамадства. 

Болей навін