Вера Міхно. Роздум
РОЗДУМ
Зніцела, родная ты мова,
Адстаўку, мабыць, атрымала.
Дзень пражыву – і хоць бы слова
Па-беларуску прагучала.
Сталічнай вуліцай прайдуся –
Нібы ў замежнае краіне!
Ні “прывітанне!”, ні “Даруйце!”
Ніхто нікому тут не кіне.
Патрэбна ж так даразмаўляцца –
Гаспадары, браты, панове! –
Каб у каханні прызнавацца
І тое на замежнай мове!
У чым жа крыецца прычына
Таго, што беларускай маці
Нязвыкла калыханку сыну
На роднай мове праспяваці?
А як навокал позірк кіну –
Паўсюдна родныя абліччы.
Мяне з журбой клін жураўліны
На беларускай мове кліча.
Па беларуску – відавочна! –
Аж гамана па ўсёй акрузе
Сарокі нашыя стракочуць,
Гудуць на красках пчолкі ў лузе.
Шарпочуцца на мове роднай
Дубы і сосны векавыя.
І, далібог жа, воўк галодны
Па-беларуску ў лесе вые!
Што ж месца мове не знайшлося
У душах нашых і хацінах?..
Звіняць званы.
І мне здалося –
Па мове роднае галосяць
Яны гучней, чым па Хатыні…
(Са зборніка “Крык спуджанай птушкі”, Мн.2011)