Суд аштрафаваў Лаўрэнава і Кішчука (абноўлена)
У Віцебску 21 лютага прайшоў суд над актывістамі аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Аляксеем Кішчуком і Стасам Лаўрэнавым, якіх затрымалі 16 лютага падчас “Хвалі салідарнасці”.
Адвакат знайшоў у матэрыялах справы мноства працэсуальных парушэнняў, дапушчаных супрацоўнікамі міліцыі. У прыватнасці, міліцыянты для “аб’ектыўнасці” прыплялі да матэрыялаў справу жанчыну, якая нібыта была сведкам затрымання, паведаміла віцебская каардынатарка БХД Таццяна Севярынец, якую за спробу сфатаграфаваць рэчавыя доказы выдалілі з залі суду.
У сваю чаргу сведка з боку падабаронных заявіў, што міліцыянты, затрымліваючы актывістаў, парушылі ўсе магчымыя правілы дарожнага руху, едучы на машыне па тратуары. Прадстаўленае міліцыянтамі відэа затрымання не выявіла ніякіх пярэчнняў словам сведкі пра дзеянні міліцыянтаў.
У выніку суддзя прысудзіла актывістам штраф у памеры 30 базавых велічынь кожнаму. Аднак сябры БХД маюць намер абскарджваць гэты прысуд. Адзначым, што Лаўрэнаў і Кішчук самі высунулі міліцыянтам сустрэчную позву за незаконнае ўтрыманне ў ІЧУ – маральную шкоду яны ацанілі ў 15 і 14 тыс. еўра адпаведна.
“Хлопцы трымаліся на судзе бадзёра, паводзілі сябе годна”, – адзначыла Таццяна Севярынец.