Марына Хоміч: у Беларусі моладзевая палітыка змаргіналізаваная (фота)
У Менску 26 лютага адбыўся круглы стол, прысвечаны абмеркаванню праекту абноўленай праграмы БХД “Моладзевая палітыка і адукацыя”. У ім удзельнічалі прадстаўнік аўтарскага калектыву праграмы Алесь Шамякін, лідар Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марына Хоміч, эксперт у галіне адукацыі Уладзімір Дунаеў, які прадстаўляў Грамадскі Балонскі камітэт.
Таксама ў круглым стале ўдзельнічалі прадстаўнікі Маладых Дэмакратаў, Моладзі БНФ, Альтэрнатывы, Альтэрнатыўнай моладзевай платформы і Студэнцкай Рады.
Падчас круглага стала былі абмеркаваныя такія ідэі праекту праграмы БХД, як адмена абавязковага размеркавання для студэнтаў, кваціраванне дзяржавай працоўных месцаў для маладых спецыялістаў дзеля гарантыі першага працоўнага месца, патрабаванне стварэння Беларускага нацыянальнага ўніверсітэту на базе БДУ, а таксама праблемы, якія стаяць перад беларускай вышэйшай адукацыяй.
Падчас круглага стала быў зроблены акцэнт, што праграма БХД носіць плюралітсычны характар, а менавіта прадугледжвае шырокую магчымасць атрымання адукацыі на розных мовах (беларускай, рускай і іншых), наяўнасць розных формаў уласнасці навучальных устаноў, магчымасць хатняй адукацыі на ўзроўні пачатковай і сярэдняй школаў.
Раздзел праекту праграмы выклікаў жывую цікаўнасць у прысутных экспертаў і ўдзельнікаў круглага стала.
“Моладзевая палітыка ў Беларусі сёння змаргіналізаваная. Ёй займаюцца ў асноўным толькі прарэжымныя піянеры і БРСМ. Між тым мы намераныя грунтоўна працаваць у дадзенай сферы. Мы таксама заклікаем усе моладзевыя аб’яднанні далучацца, каб рабіць гэтую працу разам”, – адзначыла лідар МХД Марына Хоміч.
Кожны сябар БХД і зацікаўлены грамадзянін беларусі можа далучыцца да абмеркавання адзначанага і іншых раздзелаў праекту праграму БХД па адрасе http://bchdprogram.blogspot.com/ .