“Хваля Салідарнасці” праходзіць у Гомелі пад наглядам людзей у цывільным (фота)
Гомельскія актывісты стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» распачалі акцыю салідарнасьці зь беларускімі палітычнымі нявольнікамі.
Яны раздалі мінакам дзесяткі ўлётак з партрэтамі 14 палітвязьняў, асуджаных да турэмнага зьняволеньня ці «хіміі», і адрэсамі турмаў, дзе іх трымаюць, паведамляе Радыё Свабода.
Беларускія хрысьціянскія дэмакраты запрашаюць грамадзянаў напісаць лісты палітвязьням з выказваньнем ім маральнай падтрымкі.
Апоўдні паўдзесятка актывістаў БХД прыйшлі на 9 кілямэтар Чарнігаўскай шашы да пакутнага крыжа, усталяванага дзеля ўшанаваньня памяці нявінна растраляных энкавэдыстамі грамадзянаў у часы сталінскіх рэпрэсіяў. Яны трымалі партрэты цяперашніх палітвязьняў, разгарнулі сьцяг БХД і прачыталі малітву.
Каардынатар стваранай Партыі БХД у рэгіёне Юры Клімовіч паведаміў, што распачатая «Хваля салідарнасьці» пройдзе таксама ў Мазыры, Калінкавічах, Рэчыцы, Сьветлагорску й будзе доўжыцца да 25 сакавіка — Дня Волі.
Пасьля акцыі ля пакутнага крыжа актывісты БХД таксама раздалі ўлёткі зь інфармацыяй пра палітвязьняў на гарадзкіх рынках Гомеля, а таксама распаўсюдзілі іх па паштовых скрынях, распавёў прэсавай службе БХД каардынатар аргкамітэту ў Гомелі Юры Клімовіч. Паводле яго словаў, за ўсімі дзеяннямі актывістаў пільна назіралі людзі ў цывільным.
Актывісты БХД ля крыжа ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў