Вольга Кавалькова: улады прыслухаліся да прапановаў БХД, але гэтага мала

05 сакавіка 2013 16:19  |  Галоўныя навіны

Каардынатарка кампаніі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі “У абарону жыцця” Вольга Кавалькова лічыць недастатковым дазвол лекарам адмаўляцца ад правядзення абортаў.  

 

“Безумоўна, мяне і многіх людзей, якія займаюцца пролайф рухам у Беларусі радуюць навіны аб тым, што Савет міністраў скараціў пералік сацыяльных паказанняў для правядзення абортаў на тэрмінах цяжарнасці больш за 22 тыдні і тое, што міністэрства аховы здароўя плануе ўлічваць пры унясенні змяненняў у Закон «Аб ахове здароўя» прапановы БХД аб увядзенні права для лекара адмовіцца ад правядзення абортаў па маральна-этычных перакананнях. Аднак ёсць шэраг іншых не менш важных прапаноў для скарачэння колькасці абортаў і аховы здароўя жанчыны, падтрыманых тысячамі грамадзян Рэспублікі Беларусь, аб якіх Міністэрства аховы здароўя маўчыць”, – адзначыла яна.

 

У прыватнасці замоўчваюцца наступныя прапановы:

 

– Увесці абавязковае размяшчэнне інфармацыі аб небяспецы абортаў і інфармацыі аб рэлігійных і грамадскіх арганізацыях, якія займаюцца прафілактыкай абортаў, у жаночых кансультацыях, паліклініках, радзільных дамах і іншых установах аховы здароўя;

 

 – Стварыць пры кожным радзільным доме цэнтр крызіснай цяжарнасці з удзелам псіхолага і прадстаўнікоў рэлігійных канфесій. У абавязковым парадку накіроўваць жанчын, якія пажадалі перапыніць цяжарнасць, на кансультаванне ў названы цэнтр і даць жанчынам магчымасць убачыць і пачуць сэрцабіццё свайго дзіцяці;

 

 – Увесці ў практыку медыцынскіх устаноў па прыкладзе развітых замежных краін абавязковы пяцідзённы перыяд чакання з моманту падачы заявы аб намеры зрабіць аборт да моманту яго правядзення;

 

– Скараціць тэрмін для правядзення аборту пры адсутнасці медыцынскіх паказанняў да 7 тыдняў. Для жанчыны, якая знаходзіцца ў шлюбе, абавязковым пры гэтым павінна з’яўляцца наяўнасць пісьмовай згоды яе мужа, а ў няпоўнагадовых жанчын – наяўнасць пісьмовай згоды абодвух бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў.

 

“У Беларусі кожны год здзяйсняюцца дзясяткі тысяч абортаў – а гэта дзясяткі тысяч ненароджаных беларускіх дзяцей, якія маглі б стаць нашымі суседзямі, сябрамі, сёстрамі, братамі і каханымі. Кожны тыдзень валанцёры кампаніі «У абарону жыцця» накіроўваюць калектыўныя звароты з подпісамі, сабранымі па ўсёй краіне, у міністэрства аховы здароўя і палату прадстаўнікоў з просьбай падтрымаць нашы прапановы”,  – падкрэсліла Вольга Кавалькова.

 

Яна таксама заклікала ўсіх не заставацца ў баку і накіраваць электронны ліст у міністэрства аховы здароўя па спасылцы http://minzdrav.gov.by/ru/social_reception/fiz і палату прадстаўнікоў http://house.gov.by/index.php/,6973,,,,0,,,0.html з просьбай унесці вышэйпаказаныя змены ў Закон «Аб ахове здароўя». Вольга Кавалькова таксама заклікае далучацца да кампаніі ў групе https://www.facebook.com/groups/abarona/ або па тэл. +37529-183-52-79, “Бо толькі разам мы зможам зрабіць нашу краіну моцнай, а беларускія сям’і шчаслівымі!” – дадала яна.

Болей навін