У Магілёве міліцыя спрабавала сарваць акцыю “Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў” (фота)
У Магілёве 15 сакавіка міліцыя не дала правесці акцыю “Маладым Хрысціянскім дэмакратам”. Актывісты мелі намер раздаваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь з уклееным у яе фотаздымкам Аляксандра Лукашэнкі, які ў 1994 годзе пад бел-чырвона-белым сцягам даваў клятву на Канстытуцыі.
“Сёння зранку мы хацелі распачаць акцыю прымеркаваную да чарговай гадавіны прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Каля Беларуска-Расейскага ўніверсітэта мы планавалі раздаваць мінакам Канстытуцыю, аднак да нас падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і папыталі што мы тут робім і ці не збіраемся парушаць грамадскі парадак”, – гаворыць адзін з актывістаў МХД.
Міліцыянты каля паўгадзіны пільнавалі хлопцаў і сышлі адразу як толькі актывісты адмовіліся ад правядзення акцыі. Адметным было тое, што адным з міліцыянтаў быў падпалкоўнік Мажанкоў, які з’яўляецца начальнікам грамадскай бяспекі міліцыі Магілёва.
Тым часам актывісты адзначаюць, што раздача Канстытуцыі ўсё-роўна адбывалася. 14 сакавіка каля Магілёўскага абласного дыягнастычнага цэнтра.
Такім чынам, хрысцiянская дэмакратычная моладзь Магiлёва хацела нагадаць кіраўнікам аблвыканкама аб галоўных вехах гісторыі, пад якой сімволікай галоўны закон дзяржавы прымаўся і пад якой сімволікай гэты галоўны закон надалей прымаў прысягу прэзідэнта.