У Горадні судзяць актывістку БХД
У Горадні распачаўся адміністрацыйны працэс над актывісткай БХД Галінай Котавай. Яе вінавацяць у правядзеньні несанкцыянаванага пікета з мэтай інфармаваньня грамадзян пра сытуацыю з рэалізацыяй Дамовы аб малым памежным руху паміж Беларусьсю і Польшчай.
Ніякіх пісьмовых забаронаў на пікет яна не атрымала, а міліцыянт, які прыяжджаў да яе дадому, выразна не патлумачыў, што пікет забаронены. Сталага веку жанчына вырашыла, што пікет дазволены, і вывела сваіх прыхільнікаў у бязьлюднае месца. Пасьля папярэджаньня міліцыянтаў пікетоўцы адразу разышліся. Суд над Котавай перанесены на 25 сакавіка.
Котава: «Тады да мяне адразу падышоў міліцыянт і папярэдзіў, што калі гэта ня выйдзе ў інтэрнэт, то ніякіх пакараньняў ня будзе. Вось за гэта яны і распачалі адміністрацыйную справу. Там у справе аж 38 старонак. Божа, божа, што ж там можна было ўжо напісаць на 38 старонках пра тое, якая я злачынка?».