Мітынг і шэсце на Дзень Волі дазволілі толькі часткова

15 сакавіка 2013 17:13  |  Галоўныя навіны

Менскі гарадскі выканаўчы камітэт задаволіў заяўку на правядзенне 24 сакавіка вулічных акцый у рамках святкавання апазіцыяй Дня Волі. Аб гэтым рашэнні заяўнікаў акцыі праінфармавалі 15 сакавіка ў гарвыканкаме.

 

Дазвол атрыманы як на правядзенне шэсця, так і мітынгу. Удзельнікі акцыі змогуць сабрацца на пляцоўцы каля кінатэатра “Кастрычнік”, а затым прайсці па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе з 14 да 15 гадзін заяўлены мітынг.

 

Заяўнікам паведамілі, што выкарыстанне банэраў і транспарантаў падчас шэсця можа быць расцэнена як парушэнне закона.

 

Заяўку на правядзенне акцыі падпісалі прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Раманоўскі, руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

 

24 сакавіка дэмакратычныя сілы планавалі таксама правесці ўрачысты сход і канцэрт ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода, аднак у арэндзе памяшкання ім было адмоўлена ў сувязі з правядзеннем “культурна-відовішчнага мерапрыемства”.

Болей навін