БХД распачала кампанію “Мы не забудзем!” (фота)
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя распачала кампанію “Мы не забудзем!”, якая будзе складацца з шэрагу акцый і мерапрыемстваў, мэта якіх нагадаць беларускаму грамадству пра справы зніклых палітыкаў і не даць уладам іх закрыць.
Кампанія будзе ўключаць інфармацыйную працу, у тым ліку сярод моладзі і з міжнароднымі структурамі. Адзін з накірункаў кампаніі – гэта вечарыны памяці. Першую такую вечарыну Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты правялі 16 сакавіка ў Менску, прысвечаную пачатку кампаніі і ўшанаванню ўсіх зніклых агулам. Удзел у ёй узялі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, намесніца старшыні МХД Вікторыя Радзіеўская, намесніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва, старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла і іншыя. У будучыні 16 чысла штомесяц будзе ладзіцца вечарына ў памяць кожнага зніклага па асобку. Бліжэйшая, 16 красавіка, будзе прысвечаная асобе Юрыя Захаранкі.
Як адзначыла Вікторыя Радзіеўская, кампанія “Мы не забудзем!” накіраваная на ўшанаванне памяці выбітных асобаў беларускай палітыкі і журналістыкі, на прыцягненне ўвагі да гэтай тэмы шырокай грамадскасці, на патрабаванне ад уладаў раследавання справаў зніклых і інфармаванні насельніцтва аб выніках раследавання, на прыцягненне міжнароднай ўвагі. Згодна з Крымінальным кодэксам, у 2014 годзе сканчаецца тэрмін даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці асобаў, якія ўдзельнічалі ў гвалтоўным выкраданні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, у 2015 годзе – Дзмітрыя Завадскага.
“Амаль 14 год беларускія ўлады поўнасцю ігнаруюць заклікі родных і блізкіх, а таксама міжнароднай грамадскасці правесці адкрытае раследаванне і праверыць дачыненне да знікнення палітыкаў і журналіста вышэйшых службовых асобаў краіны. Узгадаем, што патрабаванне раскрыць праўду пра знікненне Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадскага ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы, Камітэта па правах чалавека ААН, Парламенцкай Асамблеі АБСЭ“, – распавяла яна.
“Таму зараз як ніколі варта біць ў званы, ізноў прыцягваць увагу да гэтай тэмы шырокай грамадскасці, патрабаваць ад уладаў канчатковага раследавання справаў зніклых. Неабходна яднаць вакол гэтай тэмы палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў і ўсіх неабыякавых людзей. На жаль, гэтая тэма ў сувязі з іншымі праблемамі, якія стаяць перад грамадствам, пакрыху страчвае сваю актуальнасць у беларускіх і міжнародных СМІ, а вялікая частка маладых беларусаў, не абазнаных у палітычных пытаннях, наогул не мае ўяўлення аб знікненнях“, – падкрэсліла Вікторая Радзіеўская.
У сваю чаргу сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі лічыць, што “пытанне зніклых палітыкаў – гэта не толькі справа годнасці ўсіх беларусаў, але і бяспекі для будучых пакаленняў”.
“Зло іррацыянальнае. Калі яго не спыніць, яно толькі расце, з’яўляюцца новыя збітыя, новыя зніклыя, бясчынствы павялічваюцца. Мы павінны дамагчыся расследвання гэтых спраў у імя памяці зніклых і забітых ды іх сваякоў, у імя будучыні Беларусі. Забыць злачынствы, заплюшчыць вочы на іх дзеля палітычнай кан’юнктуры – гэта значыць паспрыяць паўтарэнню і памнажэнню зла ў Беларусі”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае ўсе палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі Беларусі, шараговых актывістаў і іншых неабыякавых людзей далучыцца да кампаніі “Мы не забудзем!” і патрабаваць неадкладннаг расследвання справаў зніклых палітыкаў.