Дзяніс Садоўскі: кампанія БХД у падтрымку малога памежнага руху клапоціць беларускія ўлады

21 сакавіка 2013 16:08  |  Палітыка

Гарадзенскі КДБ працягвае выклікаць на допыты актывістаў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», якія праводзяць акцыі ў падтрымку малога памежнага руху. Як паведаміў сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, на допыт выклікалі і ўсяляк пагражалі актывісту БХД Паўлу Якутовічу.

 

– Кампанія, якую праводзіць БХД у падтрымку малога памежнага руху, клапоціць беларускія ўлады, бо тармозіцца працэс толькі з боку беларускіх уладаў. За пікет, які быццам бы быў дазволены і потым дазвол зняты, зараз аказваецца ціск. Мы спадзяемся, што гэта абмяжуецца штрафамі і працягваем збор подпісаў. Сабрана ўжо больш за 5 тысяч подпісаў у падтрымку. Будзем працягваць гэту дзейнасць надалей.


Падчас размовы супрацоўнік КДБ Славуцін пагражаў Паўлу Якутовічу, што той нідзе ў Гародні не зможа ўладкавацца на працу і што яму будзе забаронены выезд за мяжу. Ён распытваў пра хрысціянскіх дэмакратаў у Гародні, пры гэтым іх абражаючы. Раней гарадзенскі суд аштрафаваў за тую ж акцыю пенсіянерку і актывістку БХД Галіну Котаву.

 

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

Болей навін