Актывісты БХД правялі ў Рэчыцы акцыю супраць абортаў

22 сакавіка 2013 08:46  |  Грамадства

Актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» 21 сакавіка правялі ў Рэчыцы акцыю супраць абортаў.

 

Як паведаміў БелаПАН удзельнік акцыі Канстанцін Змушко, у паліклініках райцэнтра былі распаўсюджаны інфармацыйныя буклеты пра аборты, аб развіцці дзіцяці да нараджэння, аб статыстыцы і шкодзе абортаў і з інфармацыяй аб тым, куды можна звярнуцца па дапамогу ў крызіснай сітуацыі.

 

«У Беларусі ў 2011 годзе, паводле афіцыйнай статыстыкі, было праведзена больш за 26 тыс. абортаў – гэта значыць забіта было ў мірны час насельніцтва сярэдняга райцэнтра. У 2000 годзе ў нашай краіне наогул было зафіксавана больш за 120 тыс. абортаў. Гэта страшныя лічбы, і праблему трэба вырашаць. Часта жанчыны робяць аборты, не валодаючы інфармацыяй, як гэта можа паўплываць на іх фізічнае і псіхічнае здароўе ў далейшым, і што гэта – страшны грэх», – сказаў актывіст.

 

Паводле яго слоў, за год у Рэчыцы актывісты БХД правялі ўжо шэсць падобных інфармацыйных акцый, якія праходзяць у рамках праграмы БХД «За сямейныя каштоўнасці”.

Болей навін