Актывістаў БХД аштрафавалі за бел-чырвона-белы сцяг

22 сакавіка 2013 19:30  |  Галоўныя навіны

Суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў іх вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыяваным мерапрыемстве. Яўген Хазіахметаў аштрафаваны на 1 мільён рублёў, Андрусь Шарэнда — на 2,5 мільёна, бо яго да таго ж прызналі арганізатарам мерапрыемства.

Нагадаем, Уладзіслава Бароўскага, Яўгена Хазіахметава і Андрэя Шарэнду затрымалі 18 сакавіка каля парка воінаў-інтэрнацыяналістаў. Менавіта там быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг у рамках акцыі “Марафон Салідарнасці з палітзняволенымі”. Затрыманых пратрымалі некалькі гадзін у Маскоўскім РУУС івызвалілі ў той жа дзень без пратаколаў.

Аднак 20 сакавіка Бароўскі і Хазіахметаў атрымалі позвы ў Маскоўскі РУУС. Там на іх склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння. Андрусь Шарэнда позву не атрымаў, таму і не прысутнічаў сёння на паседжанні. Яго асудзілі завочна.

Сведкамі на судзе выступалі 4 міліцыянты, якія затрымлівалі апазіцыянераў. Адзін з іх зняў вывешванне сцяга на свой мабільнік. У той момант ён быў не “пры выкананні”, а нібыта проста выгульваў сабаку ў парку. Відэазапіс быў далучаны да матэрыялаў паседжання. На ім відаць, як Шарэнда і Бароўскі вывешваюць сцяг на пастамент з БТРам.

Яўген Хазіахметаў свой удзел у акцыі не прызнае. Ён кажа, што толькі фатаграфаваў, але сцяг не вывешваў, на відэазапісе яго таксама не відаць. Рашэнне суда ён будзе абскарджваць у вышэйшай інстанцыі.

Хазіахметаў: “Больш за ўсё мне запомніўся інспектар міліцыі, які аднаму з затрыманых (Андрусю Шарэнду. — Еўрарадыё.) прад’явіў арганізацыю. Калі суддзя запытаў, на якой падставе, ён не мог даць адказ. Ён нібыта выказаў меркаванне, што раз Шарэнда старэйшы ад іншых, то ён і ёсць арганізатар акцыі… Гэта паказвае ўзровень супрацоўнікаў міліцыі і ўзровень суда, які прыняў такі факт да ўвагі”.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін у каментары Еўрарадыё паведаміў, што таксама не лічыць сённяшняе паседжанне аб’ектыўным. Рашэнне суддзі ён называе загадзя вырашаным:

Вялічкін: “Працэс доўжыўся з перапынкам на абед гадзіны чатыры. Звычайна, калі суд прымае разважлівае рашэнне, робіцца перапынак. Тут яно было агучана адразу. Гэта азначае, што вынік па гэтай справе быў гатовы яшчэ да пачатку паседжання, і суддзя яго проста агучыла”.

Па словах праваабаронцы, яго яшчэ засмучвае артыкул, за які асудзілі хлопцаў. На думку Вялічкіна, вывешванне сцягоў не мае ніякага дачынення да закону аб масавых мерапрыемствах.

Справу 17-гадовага Уладзіслава Бароўскага будзе разглядаць камісія па справах непаўналетніх. Верагодна, адбудзецца гэта ўжо на наступным тыдні.

Болей навін