Па дарозе ў Менск затрыманы прыхільнік БХД
Па дарозе з Полацку затрыманы прыхільнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Уладзімір Капелькін, якому на днях споўніцца 18 гадоў.
Маршрутку, у якой Капелькін накіроўваўся ў Менск, спыніла ДАІ на выездзе з Полацку. У яе ўвайшоў чалавек у цывільным, які вывеў хлопца з маршруткі. Між тым іншы актывіст БХД, які таксама накіроўваўся на Менск, паехаў надалей.
Зараз Уладзімір Капелькін знаходзіцца ў Полацкім РАУС. Афіцыйна прычына яго затрымання ў тым, што як непаўнагадовы адзін без бацькоў выправіўся ў даўгую дарогу.
“Нейкі абсурд затрымліваць чалавека, які едзе ў Менск, толькі таму, што яму няма 18-і. І гэта ў той час, як усялякія іншыя малалеткі ходзяць спакойна па горадзе і робяць, што хочуць”, – адзначыла каардынатарка аргкамітэту БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.