Заява БХД: затрыманні на Дзень Волі – плявок у твар еўрапейскім палітыкам
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя шчыра віншуе ўсіх беларусаў з галоўным нацыянальным святам – Днём Волі. Мы таксама дзякуем усім, хто сёння ўзяў удзел у святкаванні 95-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі на вуліцах Менска, падтрымаў палітвязняў і ўшанаваў памяць зніклых палітыкаў.
Тое, што ўдзельнікі шэсця і мітынгу павозілі сябе ў межах закону і не ішлі на правакацыі, не выклікае ў нікога сумненняў. Аднак, тым не менш, акцыя скончылася затрыманнямі. І дадзеныя затрыманні – гэта публічны плявок беларускіх уладаў у твар Еўрапейскага Саюзу і тых еўрапейскіх палітыкаў, якія выступаюць за дыялог з Беларуссю.
Відавочна, што мэта затрыманняў – запужаць людзей, каб яны не ўдзельнічалі ў іншых акцыях апазіцыі. Ніякіх іншых падставаў для іх не было. І адказнасць за затрыманні ляжыць на сілавых структурах, якія павінны былі несці ахову шэсця і мітынгу, а ў выніку распачалі рэпрэсіі.