Слуцк адзначыў угодкі БНР (фота)
Слуцкія актывісты адзначылі свята своеасаблівым “урокам беларускай мовы”: яны напісалі дыктоўку па адозве Кастуся Каліноўскага.
Райвыканкам адмовіўся выдзеліць памяшканне для правядзення дыктоўкі, а належны пісьмовы адказ дагэтуль блукае невядома дзе. Як заўсёды, давялося сустракацца на прыватнай кватэры, у вузкім коле аднадумцаў.
У напісанні сімвалічнай дыктоўкі ўдзельнічалі не толькі сябры партый і арганізацый, але і людзі, занепакоеныя станам роднай мовы. Пасля дыктоўкі паэтэса Галіна Каржанеўская, ураджэнка Случчыны, прачытала вершы і адказала на пытанні сваіх землякоў.
Не засталіся раўнадушнымі грамадзяне і да лёсаў палітзняволеных: 25 віншавальных паштовак адпраўлена на адрасы турмаў і калоній. На завяршэнне былі пакладзены чырвона-белыя гваздзікі на магілу Альгерда Абуховіча, удзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага.
Слуцкі жыхар Анатоль Болазь падзяліўся сваімі ўражаннямі: ”Я першы раз быў на такім мерапрыемстве і вельмі рады, што прыняў у ім удзел. Мне было цікава ўсё: і сама дыктоўка, і вершы, якія прагучалі, і ўсё астатняе. Хацелася б, каб такія сустрэчы ў горадзе адбываліся часцей.”
Зінаіда Цімошак