Дзяніс Садоўскі: запалохванне апанентаў працягнецца
Прадстаўнікоў аргкамітэта па святкаванні Дня Волі не здзіўляюць затрыманні ўдзельнікаў шэсця і мітынгу, якія адбыліся 24 сакавіка ў Мінску з нагоды Дня Волі (95-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі) і былі дазволеныя гарадскімі ўладамі, перадае БелаПАН.
“Гэта звычайная практыка уладаў, нягледзячы на ўсе агавораныя моманты правядзення акцыі. Улада ідзе на затрыманне дэмакратычных актывістаў, каб пастаянна трымаць у напружанні грамадства, паказаць, што нават ўдзел у дазволенай вулічнай акцыі можа быць небяспечным”, – сказаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 25 сакавіка на канферэнцыі ў Мінску.
На думку адказнага сакратара аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Дзяніса Садоўскага, затрыманні ўдзельнікаў санкцыянаванай акцыі прадэманстравалі, што ўлада не хвалюе захаванне правоў чалавека, што запалохванне апанентаў працягнецца.
Пры гэтым Садоўскі адзначыў, што ў цэлым акцыя прайшла «на вельмі добрым узроўні». «Як і было запланавана, усё прайшло без канфліктных сітуацый з супрацоўнікамі міліцыі. Затрыманні былі неабгрунтаванымі», – сказаў ён.
24 сакавіка было затрымана восем удзельнікаў акцыі з нагоды Дня Волі: Алег Рогаўскі, Аляксандр Кавалёў, Антон Цімохаў, Алег Асташонак, Сяргей Мокіч, а таксама трое грамадзян Украіны – актывісты моладзевай арганізацыі «Нацыянальны альянс» Юлія Грышчук, Юлія Слівінская і Назар Зелінкоўскі. У дачыненні да затрыманых складзеныя пратаколы па артыкуле 23.4 Адміністратыўнага кодэкса (непадпарадкаваньне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі). Цяпер яны знаходзяцца ў судзе Савецкага раёна Мінска, дзе над імі пачаліся працэсы.