Акцыя БХД «Хваля салідарнасці» прайшла ў 33 гарадах
Акцыя аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» «Хваля салідарнасці» ў падтрымку палітвязняў прайшла ў 33 гарадах Беларусі.
Аб гэтым паведаміў адказны сакратар арганізацыі Дзяніс Садоўскі 29 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Акцыя пачалася 13 лютага і праходзіла ў фармаце штодзёнгага марафона ў розных гарадах Беларусі.
Актывісты распаўсюджвалі ўлёткі і плакаты з інфармацыяй аб палітзняволеных па паштовых скрынях і расклейвалі на стэндах дамоў, раздавалі паштоўкі з заклікам падпісаць іх і пераслаць палітзняволеным. Яны таксама вывешвалі расцяжкі з заклікамі да вызвалення палітзняволеных.
Садоўскі адзначыў, што падчас акцыі «людзі ахвотна ішлі на кантакт, аднак многія, асабліва гэта тычыцца рэгіёнаў, не ведалі аб сітуацыі з палітзняволенымі». «Таму было вельмі важна данесці да іх праўдзівую інфармацыі», — падкрэсліў ён.
Паводле слоў Садоўскага, да «Хвалі салідарнасці» далучаліся актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, іншых дэмакратычных партый і арганізацый.
«Мы ўпэўнены, што акцыя салідарнасці з палітзняволенымі будзе працягвацца як з удзелам актывістаў дэмакратычных партый і арганізацый, так і простых грамадзян», — сказаў ён.