Вызначаны фармат “Чарнобыльскага шляху 2013”
На першым паседжанні аргкамітэта па правядзенні “Чарнобыльскага шляху 2013” пяпярэдне вызначаны яго фармат, а таксама абмяркаваныя іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя тэматыцы катастрофы на ЧАЭС і яе наступстваў у Беларусі.
Старшынстваваў на гэтым паседжанні прадстаўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі. Мяркуецца, што 26 красавіка ў 18 гадзін шэсце пачнецца ад кінатэатра “Кастрычнік” і пройдзе да парку Дружбы народаў, дзе адбудзецца мітынг, а потым ускладанне кветак да чарнобыльскай капліцы.
– Заяўка будзе пададзена на пачатку наступнага тыдня. Таксама мы абмеркавалі мерапрыемствы, якія могуць адбывацца ў рамках аргкамітэта. Мне здаецца, што гэта найбольшая колькасць мерапрыемстваў за апошнія гады. Відавочнае жаданне сябраў аргкамітэта актыўна прымаць удзел і прапаноўваць свае ідэі. Гэта і круглыя сталы, і панэльныя дыскусіі, і паказ фільмаў, і велапрабегіі, і паездка ў чарнобыльскую зону, і шмат чаго іншага.
“Праблема чарнобыльскай катастрофы застаецца актуальнай, нягледзячы на тое, што дзяржава спрабуе яе замоўчваць. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб паказаць грамадству, што Чарнобыль забівае па ранейшаму”, – сказаў Дзяніс Садоўскі.
У аргкамітэце прынялі ўдзел кіраўнікі і прадстаўнікі 6 партый і арганізацый: Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху “За свабоду”, Беларускай партыі “Зялёныя” і іншых.
Прадстаўнікі аргкамітэта спадзяюцца на ўдзел у падрыхтоўцы Чарнобыльскага шляху ўсіх дэмакратычных партый і арганізацый.