У “шпіёнскай справе” стала на аднаго падазраванага меней

03 красавіка 2013 16:37  |  Палітыка

Наваполацкі сябар аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Ілля Багданаў паведаміў, што ў справе “аб здрадзе дзяржаве” ён зноў мае статус сведкі, а не падазраванага, як раней. У незаконных кантактах з замежнымі спецслужбамі вінавацяць земляка Багданава, 23-гадовага аператара прадпрыемства “Нафтан” Андрэя Гайдукова.

 

Андрэй Гайдукоў з 8 лістапада знаходзіцца пад вартай: за выключэннем аднаго месяца, калі яго трымалі ў віцебскім СІЗА, хлопца трымаюць у мінскім следчым ізалятары КДБ. Ілля Багданаў напачатку праходзіў па гэтай справе ў якасці сведкі. Аднак напрыканцы мінулага года, падчас допыту ў следчага Алега Барысевіча, яму было паведамлена, што яго пераводзяць у статус падазраванага.

Прыкладна тыдзень таму, пасля адпаведнага хадайніцтва адваката, Іллю Багданава зноў перавялі ў сведкі. Але пэўны час ён не распавядаў пра гэта журналістам, бо, паводле ягоных словаў, “ад спецслужбаў можна чакаць усяго”. Хлопец па-ранейшаму на волі: на працягу следства да яго не прымянялася ніякіх мераў стрымання.

 

Што да Андрэя Гайдукова, якога вінавацяць у здрадзе дзяржаве “шляхам агентурнай дзейнасці”, то таямніцы следства ўсё яшчэ застаюцца таямніцай. З 8 лістапада штомесяц тэрмін следства працягваюць, але да суду ці да таго, каб адпусціць яго за недаказанасцю віны, за 5 месяцаў справа так і не дайшла.

 

Знаёмыя і сваякі лічаць абвінавачанне Гайдукова ў шпіянажы бязглуздым, і звязваюць пераслед з боку КДБ з апазіцыйнымі поглядамі хлопца. Бо і раней ён неаднаразова быў папярэджаны “асобамі ў цывільным” пра верагодныя “непрыемнасці”.

Болей навін