Заяўка на “Чарнобыльскі шлях” будзе пададзеная 8 красавіка
Заяўка на правядзенне традыцыйнага “Чарнобыльскага шляху” будзе пададзеная ў Менгарвыканкам прадстаўнікамі дэмакратычных сіл 8 красавіка.
Пра гэта БелаПАН паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі.
Паводле яго слоў, арганізатары маюць намер абвясціць збор удзельнікаў акцыі 26 красавіка а 18.00 на пляцоўцы каля кінатэатра “Кастрычнік”, затым прайсці па вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе правесці мітынг. Акцыя павінна завяршыцца ускладаннем кветак да памятнага знаку ахвярам Чарнобыля. У заяўцы на правядзенне акцыі аргкамітэт плануе звярнуцца з просьбай да ўладаў вызваліць для ўдзельнікаў шэсця адну паласу праезнай часткі і забяспечыць магчымасць выкарыстання гукаўзмацняльнай апаратуры на мітынгу ў парку.
Подпісы пад заяўкай плануюць паставіць прадстаўнікі БХД, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху “За Свабоду”, грамадскага аб’яднання “Экадом”, Партыі БНФ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
“Чарнобыльскі шлях” – вулічная акцыя, якую праводзіць беларуская апазіцыя штогод з 1988 года ў Менску ў фармаце шэсця, завяршаецца мітынгам прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі акцыю ў традыцыйнай форме.