«Судоў у нас няма – я правярала» – старшыня моладзі БХД Марына Хоміч пра адмову ў рэгістрацыі

12 красавіка 2013 22:22  |  Палітыка

10 красавіка Вярхоўны суд не задаволіў скаргу «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў» да Мінюста з прычыны адмовы ў рэгістрацыі на пачатку году, а таксама параіў маладым хадэкам навучыцца правільна размаўляць і пісаць па-беларуску.

 

Адной з прычынаў адмовы ў рэгістрацыі было парушэнне параграфаў 33 і 63 закона аб правапісе пра напісанне вялікіх літар і двукоссяў у назве арганізацыі.

 

Марына Хоміч, старшыня РМГА «Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты»:

 

«Мы хацелі паглядзець у вочы Мінюсту, што яны будуць казаць. Больш за ўсё здзівіла гэтая мяжа абсурднасці – парушэнне мовы, якая, насамрэч, не была парушаная – я кажу як філолаг».

 

Сярод іншых прычын адмовы ў рэгістрацыі: нібыта заснавальнікі арганізацыі ў дакументах напісалі несапраўдныя дадзеныя пра свае месцы працы. І гэта можа сведчыць, што яны не прысутнічалі на ўстаноўчым Cходзе. А таксама тое, што маладыя дэмакраты адмовіліся прадастаўляць дакументы, якія Мінюст патрабаваў насуперак заканадаўству, у прыватнасці, дамову з арандатарам памяшкання.

 

«Як вынік, я маю права гэта казаць: у нас не рэгіструюць незалежныя арганізацыі і судоў у нас няма – я правярала» – сцвярджае Марына.

 

Паводле арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі, за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ў Беларусі можна атрымаць да 2 год арышту. Рэгістрацыя Моладзі БХД сталася б сенсацыяй. Як апынулася, сенсацыі не чакалі і сярод маладых хадэкаў.

 

Паводле Марыны, нягледзячы на тое, што з пачатку 90-х гадоў былі фактычна прыпыненыя рэгістрацыі незалежных арганізацый, каб сказаць, што арганізацыю не зарэгістравалі, трэба паспрабаваць.

 

Нагадаем, устаноўчы з’езд арганізацыі «Маладыя хрысціянскія дэмакраты» прайшоў у Мінску 3 лістапада 2012. На ім прысутнічалі 60 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

 

Паводле статуту, МХД з’яўляецца рэспубліканскім моладзевым грамадскім аб’яднаннем, якое яднае грамадзян на добраахвотных пачатках для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў. МХД з’яўляецца свецкім і нерэлігійнымі аб’яднаннем, дзейнасць якога распаўсюджваецца на ўсю краіну.

Болей навін