Заява БХД: “Не адбірайце ў народа бясплатную медыцыну – лепш спыніце спойванне беларусаў”

18 красавіка 2013 13:14  |  Галоўныя навіны

Сёння ў “Палаце прадстаўнікоў” адмысловая камісія будзе разглядаць змены ў Закон аб ахове здароўя. Дадзенымі зменамі, у прыватнасці, прапануецца часткова пазбавіць грамадзян краіны права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне.
Беларускія хрысціянскія дэмакраты заяўляюць аб недапушчальнасці ўнясення зменаў, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а менавіта: Артыкул 45. “Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання.”

Пазбаўленне грамадзян краіны права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне не толькі груба парушыць Канстытуцыю краіны, але і прывядзе да жабрацтва сем’яў з сярэднім і нізкім дастаткам, якія і без таго не могуць забяспечыць сябе якасным медыцынскім абслугоўваннем.

Мы патрабуем спыніць спробы парушэння Канстытуцыі.

 

Мы патрабуем ад уладаў спыніць спойванне і абіранне беларускага народу, не парушаць нормы Канстытуцыі і зрабіць першасныя  рэальныя неадкладныя крокі для барацьбы з алкагалізмам, а менавіта:

– Слабаалкагольныя напоі (цяпер яны часта прадаюцца ў гандлёвых залах разам са звычайнымі напоямі) і піва залічыць да алкагольных напояў;

– Цалкам забараніць рэкламу алкагольных напояў і фірмаў, якія маюць дачыненне да іх вырабу;
– Вярнуць некалі дзеючую забарону на продаж алкаголю асобам, якія не дасягнулі 21 года.
– Перанесці продаж алкагольных напояў з агульных гандлёвых залаў і прадаваць толькі ў спецыялізаваных крамах (альбо ў спецыялізаваных аддзелах крамаў, якія маюць асобны ўваход у аддзел)

– Абмежаваць час продажу;

 

Гэтыя меры можна зрабіць хутка, без дадатковых выдаткаў. Яны мусяць стаць першымі рэальнымі крокамі ў барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва.

 

Дадатак: у Закон аб ахове здароўя Палата прадстаўнікоў мяркуюць прыняць наступны пункт: «Выдаткі на ўтрыманне ў дзяржаўных установах аховы здароўя асобы, якая прычыніла шкоду свайму здароўю з прычыны невыканання агульнапрынятых умоў забеспячэння асабістай бяспекі, з прычыны знаходжання яго ў стане алкагольнага ап’янення, стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, вырабляюцца за кошт сродкаў бюджэту, прадугледжаных на фінансаванне аховы здароўя, з наступным вяртаннем гэтых выдаткаў названай асобай … »

Болей навін