Рашэнне Мінгарвыканкама аб правядзенні «Чарнобыльскага шляху» абвесцяць 19 красавіка
Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі паведаміў БелаПАН, што заяўнікаў правядзення традыцыйнай вулічнай акцыі “Чарнобыльскі шлях” запрасілі 19 красавіка ў Мінгарвыканкам.
“Відавочна, нам будзе агучана рашэнне мінскіх уладаў адносна пададзенай намі заяўкі на правядзенне шэсця і мітынгу”, – сказаў ён.
Заяву, якая перададзена ў Мінгарвыканкам 8 красавіка, акрамя Садоўскага падпісалі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Зміцер Кавалгін, грамадскага аб’яднання “Экадом” Таццяна Новікава, Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Сідарэвіч.
Заяўнікі просяць гарадскія ўлады дазволіць збор удзельнікаў акцыі 26 красавіка а 18.00 на пляцоўцы каля кінатэатра “Кастрычнік”, потым шэсце па вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе плануецца мітынг. Акцыя павінна завяршыцца ускладаннем кветак да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай. У заяўцы змешчана просьба вызваліць для ўдзельнікаў шэсця адну паласу праезнай часткі і забяспечыць магчымасць выкарыстання гукаўзмацняльнай апаратуры на мітынгу ў парку.