Дэмсілы ствараюць Беларускі экалагічны камітэт
Прадстаўнікі палітычных партый, арганізацый, няўрадавых арганізацый і рухаў, якія сабраліся 19 красавіка ў офісе Партыі БНФ для абмеркавання найбольш вострых для Беларусі экалагічных праблем, абвясцілі аб стварэнні Беларускага экалагічнага камітэта.
Сустрэча прайшла ў рамках першага круглага стала “Чарнобыль. Астравец. Эвалюцыя катастрофы», арганізаванага аргкамітэтам “Чарнобыльскага шляху-2013”, перадае БелаПАН.
Беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы абмеркавалі разам з эколагамі і экспертамі экалагічныя праграмы і пазіцыі сваіх партый. Найбольш вострым для Беларусі, на думку тых, хто сабраўся, з’яўляецца пытанне змякчэння наступстваў аварыі на ЧАЭС і будаўніцтва Астравецкай АЭС, якое ажыццяўляецца з парушэннямі заканадаўства, будаўнічых нормаў і без праектнай дакументацыі. Прадстаўнікі дэмсіл і эколагі згадалі таксама размяшчэнне ў краіне экалагічна небяспечных вытворчасцяў, знішчэнне зялёных зон, распрацоўку тарфянікаў на асабліва ахоўных тэрыторыях і многія іншыя. Асобна ўдзельнікі адзначылі паўсюднае парушэнне заканадаўства і змякчэнне экалагічных законаў.
Беларускі экалагічны камітэт задуманы не як арганізацыя, а як адкрытая, пастаянна дзеючая пляцоўка, дзе прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх арганізацый, мясцовых ініцыятыў, эколагі і эксперты змогуць абмяркоўваць наспелыя экалагічныя праблемы і знаходзіць шляхі іх рашэння.
«Наша задача – экалагічнае адраджэнне Беларусі, і гэта павінна стаць нацыянальнай ідэяй беларусаў», – заявіў прадстаўнік «Еўрапейскай Беларусі», адзін з ініцыятараў стварэння экалагічнага камітэта Віктар Івашкевіч.
На думку сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага, у экалагічнага камітэта павінна быць стратэгія, праграма дзеянняў для змены экалагічнай сітуацыі ў бліжэйшай і доўгатэрміновай перспектыве.
“Экалагічны камітэт дазволіць дзейнічаць разам, і гэта павялічыць нашы шанцы дамагчыся вырашэння тых ці іншых вострых пытанняў. Акрамя таго, пляцоўка дасць магчымасць атрымліваць ўсім яе ўдзельнікам своечасовую інфармацыю аб экалагічных праблемах і спосабах іх вырашэння”, – лічыць грамадскі эколаг, каардынатар Беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава.
У камітэт увайшлі прадстаўнікі БХД, «Еўрапейскай Беларусі», «Беларускага Руху», Беларускай антыядзернай кампаніі, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, БСДП “Грамада”, кампаній “Гавары праўду!”, “За справядлівыя выбары!», АГП і Партыі БНФ. Ініцыятары чакаюць, што мясцовыя ініцыятывы і эколагі возьмуць удзел у рабоце камітэта.