Віталь Рымашэўскі: Чарнобыльскі шлях – гэта і палітычная, і экалагічная акцыя

22 красавіка 2013 14:28  |  Галоўныя навіны

У Беларусі “Чарнобыльскі шлях” з’яўляецца адзінай дазволенай уладамі акцыяй, на якой можна голасна заявіць аб праблемах, выкліканых наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

 

Пра гэта 22 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіла актывістка беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава. Пры гэтым яна заклікала ўсіх неабыякавых грамадзян прыйсці на акцыю і сказаць “не” будаўніцтву Астравецкай АЭС, выкарыстанню забруджаных радыяцыяй земляў, продажу забруджанай прадукцыі, перадае карэспандэнт БДГ.

 

Таццяна Новікава таксама адзначыла, што менскія ўлады паступілі безадказна да ўдзельнікаў акцыі, не паведаміўшы аб тым, што на месцы збору каля кінатэатра “Кастрычнік” будуць весціся рамонтныя работы.

 

У сваю чаргу сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што акцыя з’яўляецца не толькі экалагічнай, але і палітычнай. Разам з тым лідэр кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў заявіў, што Чарнобыльская праблема не павінна была стаць палітычнай, але яе такой яшчэ ў 1986 годзе зрабілі савецкія ўлады. “Гэта зрабіў савецкі рэжым, які казаў, што Чарнобыль нікому не пагражае, дурыў людзям галаву, выдаваў чорнае за белае. Тыя ж самыя метады абалваньвання насельніцтва выкарыстоўвае і сённяшні рэжым”, – заявіў ён.

 

Аб палітычным характары акцыі казаў і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Паводле яго слоў, як у 1986 годзе ў Маскве прымалася рашэнне распыліць радыяцыйныя аблокі над Беларуссю, так і сёння ў Маскве прымаюцца рашэнні аб будаўніцтве Астравецкай АЭС. “Таму гэтая акцыя і ў абарону нацыянальнай незалежнасці”, – заявіў ён.

 

Між тым лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што экалагічныя праблемы тычацца не толькі прадстаўнікоў апазіцыі, але і прадстаўнікоў улады, а таксама простых грамадзян Беларусі.

 

Па словах Таццяны Новікавай, падчас акцыі плануецца збор подпісаў пад зваротам да ўладаў Беларусі і міжнароднай супольнасці за неадкладнае спыненне будаўніцтва Астравецкай АЭС. Пасля Чарнобыльскага шляху збор подпісаў працягнецца ў інтэрнэце. А каардынатар аргкамітэта па правядзенні акцыі, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі распавёў, што падчас ЧШ пройдзе збор сродкаў для анкахворых дзяцей.

 

Акрамя таго, 24 красавіка ў Мінску адбудзецца адкрытая дыскусія, прысвечаная праблемам ядзернай энергетыкі. У ёй прымуць удзел брытанскі эксперт па ядзернай энергетыцы Крыс Базбі, антыядзерны актывіст з Японіі і гэтак далей.

 

Пройдуць акцыі, прымеркаваныя да 27-й гадавіне аварыі на ЧАЭС, і ў іншых гарадах Беларусі. Так, 25 красавіка адбудзецца паездка лідэраў БХД, АГП, ГП і ПБНФ у пацярпелыя ад аварыі рэгіёны. 26 красавіка ў Гомелі мясцовыя апазіцыйныя актывісты ўскладуць кветкі да помніка ахвярам аварыі ЧАЭС. Акрамя таго, на 26 красавіка пададзена заяўка на правядзенне пікету ў Астраўцы. Як распавёў Анатоль Лябедзька, верагоднасць таго, што яго дазволяць невялікая. Тым не менш, лідэр АГП мае намер у гэты дзень наведаць Астравец.

 

Нагадаем, Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне 26 красавіка шэсця і мітынгу “Чарнобыльскі шлях” з нагоды чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На мітынгу ўлады дазволілі выкарыстанне сцягоў, транспарантаў і расцяжак, а таксама паабяцалі не дапусціць неабгрунтаваных затрыманняў. Пры гэтым заяўнікаў акцыі папрасілі змяніць пачатак яе правядзення з 18:00 на 18:30, спаслаўшыся на гадзіну пік. Само шэсце пачнецца а 19:00 каля кінатэатра “Кастрычнік”, мітынг у парку Дружбы народаў – а 20:00. Пасля заканчэння мітынгу жадаючыя змогуць ускласці кветкі да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай.

Болей навін