У Магілёве сабралі подпісы ў падтрымку прапаноў БХД за абмежаванне абортаў
Жыхары Магілёўскай Цэнтральнай выбарчай акругі №85 падтрымалі прапановы хрысціянскай дэмакратыі аб унясенні змен у Закон Рэспублікі аб ахове здароўя, які плануецца змяніць у гэтым годзе. Зварот з подпісамі быў дасланы на імя дэпутата парламента – Эдуарда Сянькевіча, а таксама ў Міністэрства аховы здароўя.
“Гэта вельмі добра, што грамадзяне падтрымалі нашую ініцыатыву, – адзначыў сябар аргкамітэту па стварэнні ГА “Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты” Дудкін Яўген, – Гэта значыць, што тая дэмаграфічная праблема, якая склалася зараз у краіне, хвалюе людзей. Мы гатовыя адгукнуцца на заклік у яе вырашэнні. Кампанія “У абарону жыцця”, якую праводзіць аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” ёсць нішто іншае як кампанія, якая праводзіцца дзеля абароны будучыні краіны, і тут аніхто не можа заставацца ў баку. Сам факт таго, што ўладамі былі адменены 10 з 12 сацыяльных паказчыкаў да абортаў, ёсць таксама і вынік працы хрысціянскіх дэмакратаў, якія цвёрда трымаюцца грамадзянскай пазіцыі і думаюць аб лёсе краіны, бо пытанне, каму мы пакінем Беларусь у будучым, павінна турбаваць нас ужо сёння. Ад гэтага залежыць і жыццё людзей састарэлага ўзросту і маладых. Вопыт заходніх краін нам бачны. Так, у Беларусі, да гэтага ўсяго, у залежнасці ад маштабаў дэмаграфічнай праблемы ўзнікае і праблема эміграцыі, бо моладзь з’язджае ў пошуках працы з большым заробкам”.
“Жыхары горада, якія падтрымалі кампанію “У абарону жыцця” маюць надзею, што дасланыя прапановы будуць прыняты і разгледжаны пры абмеркаванні новага закона”, – дадаў Яўген Дудкін.