Чарнобыль прайшоў па народзе

26 красавіка 2013 09:03  |  Грамадства

“Мая родная вёска Ліхаўня Нараўлянскага раёна апынулася ў 30-кіламетровай зоне ЧАЭС. Яна разам з вёскамі-суседкамі Данілееўкай, Гамарняй, Дворышчамі, Карповічамі адной з першых была пахавана пад тоўстым слоем зямлі ў ліпені-жніўні 1988 г. Мноства вёсак апынулася без жыхароў. Плён працы многіх пакленняў нашых продкаў прынесены ў ахвяру амбіцый тых, хто аказаўся вялікім хлусам ад навукі.”

 

Ад аўтара          

 

       Эдуард Збароўскі

 

                   * * *

 

Хацелася нам у прыродзе

Над Богам, над сэнсам узняцца.

Чарнобыль прайшоў па народзе,

І рэхам той стаў захлынацца.

 

Ад жаху і скону маралі

Самотныя – ў стрэсе і скрусе, —

Падранкамі ў душах мы сталі,

Блукаем па ўсёй Беларусі.

 

Разбегліся з родных сцяжынак,

Бацькоўскіх хацін адракліся.

Не ведаем, дзе той прыпынак,

Дзе промні надзей засталіся.

 

Радзіма сама  ледзь трывае:

Не ведае, як ратавацца.

І воля Айчыны канае,

Без Бога і ёй не ўтрымацца.

 

(З кнігі “Чарнобыльскія пантэоны: сны і явы”.

Мінск, 2012)

Болей навін