У Гародні актывіста БХД будуць судзіць за Хвалю Салідарнасці

03 мая 2013 15:14  |  Палітыка

У Гародні мясцовага сябра аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Сяргея Верамеенку 3 траўня выклікалі ў мясцовы РАУС, дзе распытвалі ў сувязі з ягоным затрыманнем 12 сакавіка падчас Хвалі Салідарнасці.

 

У міліцыі яму прадставілі вынікі экспертызы Мінсувязі, якая паказала, што канфіскаваныя ў актывіста ўлёткі да Хвалі Салідарнасці і асобнікі газеты “Крыніца Гарадзенская” не адпавядаюць пэўным тэхнічным нормам, з-за чаго на сябра БХД склалі пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных.

 

Па словах міліцыянтаў, у бліжэйшы час яму прыйдзе позва ў суд, прыкладана на 6-7 траўня. Пры гэтым копію вынікаў экспертызы актывісту прадастаўляць адмовіліся.

 

Нагадаем, у Гародні 12 сакавіка людзьмі ў цывільным быў затрыманы сябар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Сяргей Верамеенка.

 

Яго затрымалі каля офісу мясцовых хрысціянскіх дэмакратў, куды ён нёс улёткі для акцыі ў межах марафону “Хваля Салідарнасці”. Да яго падыйшлі двое ў цывільным, якія, не паказаўшы ніякіх дакументаў, назваліся супрацоўнікамі Ленінскага РАУС і пад пагрозай гвалту змусілі актывіста прайсці з сабой (як пазней высветлілася, імя аднаго з іх – Аляксандр Кілікін).

 

У РАУС усё ўлёткі пералічылі, пасля чаго зноў-такі без якіхсьці афіцыйных дазволаў людзі ў цывільным накіраваліся дадому да Сяргея Верамеенкі, дзе зрабілі ператрус у пошуках улётак. 

Болей навін