У Рагачове ўлады абвясцілі паляванне на аўтраў графіці “Хопіць бухаць”
Улада заклікала праз райвыканкамаўскае выданне мабілізавацца ўсім жыхарам Рагачова для злову асабліва злосных злачынцаў, якія заклікалі жыхароў Рагачова весці цвярозы лад жыцця. Па словах райвыканкамаўскага выдання, актывісты, заклікамі спыніць злоўжываць спіртнымі напоямі, нанеслі гораду моцную шкоду.
Тых жыхароў Рагачова, хто адмаўляецца прадастаўляць інфармацыю аб актывістах якія арганізавалі скандальную акцыю, ужо назвалі саўдзельнікамі злачынства. Як тлумачаць ўлады, маладыя людзі, заклікам “Хопіць бухаць” здзейснілі страшнае злачынства, якое кваліфікуецца артыкулам – “Вандалізм”.
“Пакуль не вядома, хто прыклаў сваю нячыстую руку да размалявання сцен гарадскіх будынкаў. Хіба што – гэта бессаромныя баязлівыя людзі, якія зрабілі паскудства, і цяпер хаваюцца па цёмных кутах у страху быць злоўленымі добрапрыстойнымі грамадзянамі. Калі вы валодаеце якімі-небудзь звесткамі пра гэтых вандалаў, якія не рабіцеся іх саўдзельнікамі, а паведамце вядомую вам інфармацыю па тэлефоне 4-30-10” – піша slova.by
У якасці ўзнагароды абяцаюць – бясплатны паход на дыскатэку ў клуб “Луч”, які па словах дырэктара ўстановы атрымаў моцную шкоду на суму … 150 мільёнаў рублёў. Дырэктар установы Алена Мельнікава патлумачыла, што зафарбаваць надпіс “Хопіць бухаць!” Вельмі складана, бо практычна немагчыма падабраць фарбу. Мабыць, у Рагачове дэфіцыт не толькі з дзіцячым харчаваннем, але і з фарбай …
Тым часам рагачоўцы масава падтрымліваюць акцыю. Акцыя “Хопіць бухаць!” стала галоўнай тэмай для абмеркавання ў сацыяльных сетках. Жыхары Рагачова выказваюць салідарнасць з актывістамі, і заклікаюць ўлады спыніць “цырк”. Пачалі гучаць заклікі падтрымаць акцыю і працягваць яе да таго часу, пакуль улада не пачне дзеянні ў падтрымку антыалкагольнай кампаніі. Акрамя таго, таго, хто ўсё ж вырашыцца “здаць” актывістаў за бясплатную п’янку ў клубе “Луч”, рагачоўцы ў сацыяльных сетках прапанавалі аплаціць лячэнне ад алкагалізму.
Нагадаем, у ноч на 9 траўня ў горадзе прайшла акцыя супраць масавага п’янства ў горадзе. Актывісты нанеслі на сцены піцейных забягалавак трафарэтныя надпісы “Хопіць бухаць”. Акцыя проста ўзвар’явала ўлады, вельмі хваравіта адрэагаваў на яе галоўны рэдактар газеты “Свабоднага слова” Андрэй Шышкін, які абазваў прыхільнікаў цвярозага ладу жыцця вандаламі і хуліганамі. Адзначым, што недалёка ад надпісаў “Хопіць бухаць” каля дыскатэкі “Луч” намаляваная фашысцкая свастыка. Аднак, нацысцкая сімволіка мабыць ні ўладам, ні кіраўнікам піцейных устаноў не перашкаджае.