Салігорск: Забарону пікету да Дня Волі абскарджваюць у абласным судзе

21 мая 2013 13:34  |  Палітыка

Сябар БХД Уладзімір Шыла абскарджвае забарону Салігорскім райвыканкамам масавага мерапрыемства да Дня Волі ў Мінскім абласным судзе.

 

На пачатку траўня суд Салігорскага раёна не задаволіў скаргу актывіста на рашэнне мясцовых чыноўнікаў аб забароне пікета. Некалькі дзён назад Уладзімір Шыла атрымаў матывацыйную частку да гэтага рашэння ды адразу ўзяўся за падрыхтоўку касацыйнай скаргі.

 

– Салігорскі суд асалютна сур’ёзна палічыў, што мая просьба ускласці на мясцовыя ўлады абавязкі па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры правядзенні пікетавання з’яўляецца дастатковай прычынай для абмежавання майго права на свабоду мірных сходаў. Паглядзім, якога меркавання па гэтым пытанні прытрымліваецца абласны суд, – кажа пра спробу абскардзіць рашэнне суда Салігорскага раёна Уладзімір Шыла.

 

У панядзелак, 20 траўня, арганізатар пікету да Дня Волі накіраваў касацыйную скаргу ў суд. У ёй актывіст патрабуе ад Мінскага абласнога суда пры прыняцці рашэння кіравацца не толькі нормамі Закона “Аб масавых мерапрыествах”, але і адпаведнымі артыкуламі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі ды міжнароднымі абавязальніцтвамі дзяржавы ў сферы правоў чалавека.

Болей навін