25 траўня 96-я ўгодкі заснавання БХД

26 мая 2013 13:02  |  БХД

96 гадоў таму 24-25 траўня 1917 года ў Мінску адбыўся З’езд беларускага каталіцкага духавенства, які абвесціў пра стварэнне Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці (БХДЗ), якая ў хуткім часе займела назву Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Аркамітэт БХД шчыра віншуе ўсіх сваіх сябраў і прыхільнікаў.

 
З гэтай нагоды ў многіх гарадах Беларусі днямі адбываюцца малітоўныя акцыі ўнашавання памяці айцоў-заснавальнікаў БХД.

Нагадаем, у мінулым  годзе споўнілася 120 год з дня нараджэння заснавальніка БХД, грамадскага, палітычнага і рэлігійнага дзеяча, гісторыка, пісьменніка, выдаўца, пакутніка ГУЛАГу ксяндза Адама Станкевіча. Таксама ў канцы гэтага году споўніцца 70 год з дня пакутніцкай смерці ад рук гітлераўскіх карнікаў іншага айца-заснавальніка БХД, грамадскага і палітычнага лідэра, перакладчыка Новага Запавету на беларускую мову, ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. З гэтай нагоды аркамітэт БХД абвесціў 2012 год годам памяці айцоў Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага. 

 

А ў кастрычніку 2013 года БХД адсвяткуе 125-я ўгодкі з дня нараджэння Вінцэнта Гадлеўскага. 

Хрысціянска-дэмакратычныя партыі і рухі вядуць сваё ідэалягічнае паходжанне ад рэакцыі каталікоў Італіі, Нямеччыны і Францыі на лібералізм, нацыяналізм і сацыялізм ХІХ стагоддзя. Ватыкан упершыню адмаўляе дактрыну ліберальнай дэмакратыі ў працы “Syllabus of Errors” (1864) Рымскага Папы Пія IX. Яго пераемнік, Леў XIII (1878-1903), прызнае ў сваёй энцыкліцы “Immortale Dei” (1885), што дэмакратыя можа быць легітымнай формай кіравання. Галоўным унёскам Льва ХІІІ у развіццё хрысціянска-дэмакратычнай думкі стала яго энцыкліка “Rerum Novarum” (1891), што крытыкуе як лібералізм, так і сацыялізм.

Папа Рымскі Пій XI (1922-1939) умацоўвае традыцыю хрысціянскай сацыяльнай думкі сваёй публікацыяй “Quadragesima Amo” (1931): энцыкліка паўтарае крытыку ліберальнага індывідуалізму і сацыялістычнага калектывізму, зробленую Львом XIII, і пацвярджае ўхваленыя Львом правы працоўных на самаарганізацыю. Найбольш уплывовым чыннікам становіца аргумент Папы Рымскага на карысць прынцыпу субсыдыярнасці, аднаго з асноўных прынцыпаў хрысціянскай дэмакратыі.

Заснавальнікам першай ў Еўропе хрысціянска-дэмакратычнай партыі – Народнай партыі Італіі, незалежнай ад царквы і выступаючай за сацыяльныя рэформы, стаў у 1919 г. Люіджы Стурцо, каталіцкі святар і палітычны актывіст. Народная партыя Італіі становіцца своеасаблівым ідэалагічным падмуркам для з’яўлення Італьянскай Хрысціянска-дэмакратычнай партыі, узніклай неўзабаве пасля Другой сусветнай вайны. Працэс стварэння падобных партыяў пазней шырока разгортваеца ў Еўропе. Тэарэтыкам, які зрабіў найбольшы ўнёсак у выразнае пісьмовае фармуляванне хрысціянска-дэмакратычнай думкі, стаў французскі каталіцкі філосаф Жак Марыта (1882-1973). Яго найбольш вядомыя працы на гэтыя тэмы: “Усеахопны гуманізм” (1936), “Хрысціянства і дэмакратыя” (1942), “Правы чалавека і натуральнае права” (1943) і “Чалавек і дзяржава” (1951) адстойвалі прынцыпы персаналісцкай, камунітарнай і плюралістычнай сацыяльна-палітычнай філасофіі, якая грунтуецца на галоўных прынцыпах хрысціянства як самай трывалай асновы чалавечай свабоды.

На пачатку ХХ стагоддзя, калі актывізаваўся беларускі нацыянальны адраджэнскі рух, пачаўся і беларускі хрысціянскі рух, перш за ўсё ў асяроддзі маладога беларускага каталіцкага духавенства ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі і Каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу. Менавіта гэтыя навучальныя ўстановы скончылі ксяндзы, выхадцы з Беларусі Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Фабіян Абрантовіч, Станіслаў Глякоўскі, Антон Шышка, Канстанцін Стаповіч, Язэп Германовіч, Аляксандар Астрамовіч і іншыя каталіцкія святары, якія адзначыліся сваёй нацыянальнай свядомасцю і актыўнасцю ў беларускім адраджэнскім руху.
Датай арганізацыйнага афармлення Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі лічыца травень 1917 году. 24-25 траўня 1917 году ў Мінскім кафедральным касцёле, калі была адноўлена Менская дыяцэзія, адбыўся З’езд беларускага каталіцкага духавенства, на якім сабраліся 30 чалавек. З’езд прыняў пастановы аб арганізацыі Хрысціянска-Дэмакратычнай партыі, аб беларусізацыі каталіцкага Касцёлу на ўсёй прасторы Беларусі, аб імкненні (на той час) да шырокай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай Рэспублікі. Былі таксама прыняты рашэнні аб навучанні клерыкаў-беларусаў па-беларуску, заснаванні беларускіх газет і часопісаў, кніжак каталіцкага напрамку.

Прадстаўнікі БХД ўваходзілі ў Беларускі нацыянальны камітэт, а потым і ў Вялікую Беларускую раду. БХДЗ вітала акт 25 сакавіка 1918 году, які абвяшчаў незалежнасць Беларусі. БХД арыентавалася на эвалюцыйны шлях развіцця грамадства і парламенцкія формы барацьбы. Выступала супраць таталітарызму — фашызму і бальшавізму.

Пасля Рыжскай змовы (1921) Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя працягвала дзейнасць на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая адышла да Польшчы (сядзіба партыі знаходзілася ў Вільні). Партыя пашырала нацыянальную свядамасць сярод беларускага насельніцтва вёсак і мястэчкаў, заклікала адстойваць права на беларускую мову ў школах і ў рэлігійным жыцці. Для ўзмацнення свайго ўплыву сярод сялянаў хрысціянскія дэмакраты заклалі ў 1926 годзе ў Вільні Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, выдаваўся друкаваны орган БХД – газета “Крыніца”, рэдагаваная Адамам Станкевічам. Лідэр БХД кс. Адам Станкевіч быў таксама дэпутатам Польскага Сойму і намеснікам старшыні Беларускага Пасольскага Клюбу (беларускай фракцыі ў Сойме).

6 лiстапада 1927 г., у Вiльнi хадэцкiя актывiсты правялі ўстаноўчы сход партыi “Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя”. У 2-й праграме, прынятай на Сходзе, гаварылася, што “БХД імкнецца да самастойнасці беларускага народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку”. Ад 1927 году сябрамі партыі, паводле зменаў у Статуце, маглі быць не толькі каталікі, але і праваслаўныя. Гэты крок даў БХД магчымасць стаць адным з лідэраў сярод партыяў Заходняй Беларусі. 


Пасля далучэння ў верасні 1939 году Заходняй Беларусі да СССР дзейнасць партыяў была забароненая, многія хрысціянскія дэмакраты былі рэпрэсаваныя (сярод іх Янка Пазняк, Адам Станкевіч, Станіслаў Грынкевіч, Фабіян Абрантовіч, Янка Шутовіч, Язэп Германовіч, Андрэй Цікота), некаторыя пэўны час як маглі, працягвалі працу на карысць Бацькаўшчыны, іншыя выехалі за мяжу. Лідэр БХД а. Вінцэнт Гадлеўскі і іншыя ксяндзы і прыхільнікі БХД былі закатаваныя фашыстамі падчас Другой Сусветнай Вайны. Адраджацца Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя пачатала толькі пасля распаду СССР у 1990-х гадах.

Болей навін