Віталь Рымашэўскі: Кошты на жыллё ўзляцяць у разы
Забаронай на арэнду і продаж ільготных кватэр, Лукашэнка спрабуе вытрасці з беларусаў апошнія грошы.
Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў сустаршыня па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі, каментуючы забарону на продаж і здачу ў арэнду льготнага жылля.
«Наогул увядзенне забароны на здачу ў арэнду і продаж жылля, пабудаванага з дапамогай ільготных крэдытаў, я лічу цалкам незаконным. Ніякіх падстаў для гэтага няма. Людзі не атрымлівалі крэдытаў і не будавалі кватэры на ўмовах, што пасля ім будзе забаронена прадаваць гэтае жыллё. На самай справе, нават на тыя невялікія адсоткі, якія беларусы вымушаныя плаціць за ільготную кватэру, многія павінны працаваць усёй сям’ёй. І гэтая забарона з’яўляецца верхам цынізму», – упэўнены палітык.
Ён адзначыў, што кошты на жылплошчу ў Беларусі завышаныя і без таго.
«Калі б у нас была нармальная эканоміка і дэмакратыя, то не спатрэбіліся ніякія ільготныя крэдыты, а кошты на жыллё былі б нашмат менш. Людзі маглі б за меншыя грошы пабудаваць кватэры, чым пры «дабрадзеі» Лукашэнку», – лічыць Віталь Рымашэўскі.
Ён падкрэсліў, што калі рыхтаваўся гэты ўказ, кошты на арэнду нават не самых лепшых аднапакаёвых кватэр падскочылі.
«Скароціцца прапанова, а попыт вырасце. Кошты на здымнае жыллё ўзляцяць. Пабудаваць новае жыллё стане яшчэ даражэй. Уся эканоміка ў Беларусі карумпаваная, і з гэтай карупцыі атрымліваюць прыбытак беларускія ўлады. Таму сродкі ад гэтай схемы ўскосна будуць ісці на ўзбагачэнне дзеючага рэжыму. Пра грамадзянаў Лукашэнка думае ў апошнюю чаргу, і ў бліжэйшы час ён любым чынам паспрабуе вытрасці з беларусаў апошнія грошы», – перакананы палітык.
Нагадаем, учора беларускі кіраўнік падпісаў указ № 246, які ўносіць змены ў парадак дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жылля.
Забараняецца здаваць кватэры да поўнага пагашэння крэдыту і прадаваць іх на працягу пяці гадоў пасля гэтага.