Марына Хоміч: Я адчуваю сябе на сваім месцы

03 чэрвеня 2013 13:45  |  Галоўныя навіны

Чаму эміграцыя моладзі – гэта нармальна, калі варта спрачацца з выкладчыкамі і каму замежжа не дапаможа выратаваць Беларусь? Распавядае старшыня моладзевай арганізацыі «Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты», педагог і ў мінулым выхавацелька дзіцячага садку Марына Хоміч.

 

Пасля Плошчы я не змагла заставацца збоку

 

Да 2010 году я тры гады працавала выхавацелькай у дзіцячым садку. Было шкада сыходзіць, але давялося выбіраць: палітыка ці педагогіка. Мяне любілі, з некаторымі – а яны ўжо школьнікі – і зараз падтрымліваю стасункі.

 

Палітыкай я займаюся выключна пасля плошчы 2010 году. Прыйшла туды наўмысна і пасля проста не змагла заставацца збоку, не змагла заставацца абыякавай.

 

Я вырасла ў сям’і апазіцыянераў, ведала, што адбываецца ў краіне, але тое збіццё людзей, катаванне кандыдатаў пасля Плошчы, якія я ўбачыла на свае вочы, мяне ўразілі як асобу і чалавека. Я зразумела, што павінная зрабіць хоць што-небудзь, каб не было сорамна перад сваімі дзецьмі.

 

Я адчуваю сябе на сваім месцы

 

Я заўжды цікавілася палітыкай на аматарскім узроўні. На агульным узроўні у нас палітыка ва ўсім: гэта сістэма, якая кранае любую сферу жыццядзейнасці. Калі ты хочаш нешта памяняць, за што б ты ні ўзяўся, гэта павядзе да палітыкі. Таму з яе і пачала.

 

Перакананая, што ўсё, што ні робіцца ў жыцці ці навокал, павінна мець глебу, і з гэтага пачынаецца. Я прыйшла менавіта ў БХД таму, што у нас былі аднолькавыя погляды на хрысціянскія каштоўнасці, на якіх павіннае базавацца ўсё навокал: і тваё асабістае жыццё, і грамадская дзейнасць, прафесійная, навучанне… проста жыццё. Калі сказаць іншымі словамі – жыць па сумленні.

 

Я адчуваю сябе на сваім месцы, і я лічу вельмі важным, калі чалавек там, дзе мусіць быць. Гэта новы сэнс майго жыцця. Былі ў мяне розныя прыярытэты, але асабліва гэта мяне не кранала. Зараз я пераасэнсавала шмат чаго і вынайшла адзін з галоўных сэнсаў майго жыцця – МХД і нашая партыя на вельмі важным месцы.

 

 

Мы займаемся шэрагам праектаў у культурніцкім і палітычным жыцці грамадства. Найбольш задавальнення мне прыносяць стасункі з людзьмі. Людзей вельмі шмат, яны такія разнастайныя. Цікава шукаць тое, што ім патрэбна, рабіць гэта, аб’ядноўваць вакол вырашэння іх праблем.

 

Заўтра не будуць наказаныя забойцы, але ўсё мае сэнс

 

Нашая дзейнасць зарыентаваная на палітыку тут і сёння. Калі ты робіш тое, што ў тваіх сілах нават пры існуючым рэжыме і ты кранаеш лёд хаця б на некалькі сантыметраў – гэта душэўная асалода. Гэта рэальна, і гэта мы пацвердзілі ў шэрагу сваіх кампаній.

 

Калі браць як прыклад нашу кампанію “Мы не забудзем”, то тут мы прапаноўваем падпісанне петыцыі да генпракурора Рэспублікі Беларусь. Зразумела, што заўтра праблема не вырашыцца, не будуць наказаныя забойцы. Але сэнс у тым, што ўлады бачаць неабыякавых людзей, якія будуць патрабаваць. Гэта скіравана на колькасць і ціск на ўладу – тое, што мы можам рабіць у нашай сітуацыі.

 

Я веру ў тое, што я раблю і што гэта мае плён. Гэта яднанне людзей. Усё мае сэнс, можа не сёння, але заўтра. Тым больш тое, што робіцца ў імя сваёй краіны.

 

“Каб быць лідарам, патрэбна быць смелым”

 

Лідар, на мой погляд, – чалавек, які мае здольнасць аб’ядноўваць вакол сябе і робіць гэта. Адна з мэтаў дзейнасці нашай арганізацыі – каб лідарам стаў калі не кожны, то амаль кожны. У сваім рэгіёне, сферы. На адным чалавеку не можа ўсё сыходзіцца. Калі ўсё завязана на адным чалавеку, то прыбраць яго – і арганізацыі… няма?

 

 

Чалавек павінны мець уменні, а лідар – найперш. Улічваючы абставіны ў нашай краіне, каб быць лідарам, патрэбна быць смелым. І галоўнае – быць сумленным.

 

Крок на шляху “не баяцца”

 

Шмат людзей, у каго ёсць лідарскія здольнасці, іх не выяўляюць. Гэта адбываецца праз сістэму адукацыі: яна скіраваная на запужванне, прывіццё ідэалогіі, якую навязвае дзяржава, безальтэрнатыўнасць.

 

Чытайце таксама: «Судоў у нас няма – я правярала» – старшыня моладзі БХД Марына Хоміч пра адмову ў рэгістрацыі

 

У нас нельга крок управа, крок улева. Узяць, напрыклад, паліталогію. У большасці навучальных установаў навучанне ў гэтай галіне адбываецца на савецкай базе. Я ледзь здала экзамен, даказваючы, што краіна ў нас недэмакратычная. Я давяла нашаму выкладчыку, які быў выхаваны пры саветах, і нават здала экзамен на добрую адзнаку. Ён сказаў, што нам з ім няма больш пра што размаўляць.

 

Гэты прыклад – кропля ў моры. Можа, камусьці не трэба на гэта разменьвацца. Але гэта ўнутраная перамога, той крок на шляху “не баяцца”. Калі ты зможаш сказаць гэта маленечкае “не”, усё астатняе будзе не такім страшным.

 

Калі мне пляваць на краіну, то пра якое выратаванне з боку Захаду і Еўропы можна казаць?

 

Звяртаючыся да ўсёй беларускай моладзі, хацелася б сказаць два словы: “не баяцца”. Мы гаспадары свайго жыцця і сваёй краіны. І дазваляць улазіць з нагамі ў нашае жыццё мы не павінныя. Нас, незадаволеных, большасць. Тым больш маладых людзей.

 

Для моладзі сёння ў Беларусі няма ніякіх умоваў. Тое, што яна эмігруе ў такой сітуацыі – нармальна.

 

Для мяне гэта балюча. Прасцей за ўсё сабраць рэчы і з’ехаць за мяжу. Але лепш тут аб’яднацца і нешта зрабіць для свайго жыцця ў сваёй краіне, якога мы заслугоўваем і прагнем. Пераламіць гэты страх унутры, каб потым не было сорамна глядзець у вочы дзецям.

 

 

Гэта мая краіна. Калі мне пляваць на яе, то пра якую справу можа ісці размова, пра якую супрацу з замежнымі партнёрамі, пра якія чаканні выратавання з боку Захаду і Еўропы? Калі мы самі сабе непатрэбныя, то не будзем патрэбныя нікому. Краіна задыхаецца. З’ехаць і пакінуць яе ў такім стане – здрада, найвялікшая здрада радзіме і самому сабе. Страшней за гэта нічога не можа быць.

 

Наш несвабодны народ заслужыў павагі да сябе

 

Людзі, з якімі я працую – мае аднадумцы, мае сябры – бо я вельмі люблю людзей. Нас яднаюць агульныя чалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці. А людзі, з якімі я працую – мой народ, мой любімы народ. Грамадзяне, мае браты і сёстры. Калі ставішся да людзей па-іншаму, то такая праца немагчымая, бо ўсё гэта робіцца для краіны, а значыць – для грамадзянаў.

 

У існуючай палітыцы ёсць розныя людзі, і рабіць сваю справу яны могуць не для людзей: камусьці хочацца трапіць да ўлады – іх большасць, камусьці дастаткова асабістага піяру.

 

Калі не любіш людзей, то няма чаго рабіць у палітыцы, тым у больш у беларускай.

 

Наш несвабодны народ, які пакутуе ўжо колькі стагоддзяў, заслужыў павагі да сябе.

 

Далучыцца да Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў

 

МХД ладзіць розныя праекты і кампаніі. Напрыклад, кампанія “За сямейныя каштоўнасці”, тэлефон каардынатара: +37529 1835279.

 

Кампанія “Мы не забудзем”, прысвечаная памяці зніклых палітыкаў і журналістаў 1999-2000 гг. (Ю. Захаранка, В. Ганчар, А. Красоўскі, Д. Завадскі).

 

Кампанія “За вызваленне палітвязняў”. Анлайн збор подпісаў.

 

Калі жадаеце далучыцца да кампаній альбо арганізацыі, тэлефануйце +37529 1673435 і пішыце [email protected].

 

Далучайцеся да МХД Вконтакте і Facebook.

 

Аўтар: Ганна Валынец

 

Крыніца: www.ampby.org

Болей навін