На Глыбоччыне народны дэпутат змагаецца за газіфікацыю вёскі
У Глыбоцкім раёне актывіст аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Зміцер Лупач у межах кампаніі “Рада Народных Дэпутатаў” выступіў з ініцыятывай газіфікацыі вёскі Дзеркаўшчына, што было падтрымана мясцовымі жыхарамі.
Па словах актывіста, дадзеная вёска ёсць адной з найбуйнейшых на Глыбоччыне і з’яўляецца перспектыўнай, у ёй налічваецца каля 240 двароў, дзейнічае школа на 100 вучняў і гэтак далей.
Першапачаткова мясцовыя ўлады заявілі, што не будуць праводзіць газіфікацыю вёскі. Аднак 17 чэрвеня адбыўся сход вяскоўцаў, на якім, нягледзячы на нязручны час – сход праходзіў апоўдні сярод працоўнага тыдню – прысутнічала больш за 70 чалавек. Прысутныя таксама на сходзе старшыня сельсавету, галоўны архітэктар Глыбоцкага раёну і дырэктар Глыбоцкага райгазу адзначылі, што ў гэтую пяцігодку сродкаў у бюджэце раёну на газіфікацыю вёскі няма, але паабяцалі правесці яе ў будучыю пяцігодку.
“Некаторыя з прысутных былі расчараваныя такім рашэннем. Але я ўсё ж лічу яго пазітыўным, бо грошы на газіфікацыю вёскі патрэбныя сапраўды вялікія – 5 млрд рублёў. Спадзяемся, што ўлады выканаюць абяцанне і правядуць газіфікацыю хаця б у наступную пяцігодку”, – сказаў Зміцер Лупач.
Пры гэтым ён паведаміў, што мае намер звярнуцца да дэпутата Палаты прадстаўнікоў ад Докшыцкай акругі Уладзіміра Андрэйчанкі, каб паскорыць газіфікацыю Дзеркаўшчыны, у тым ліку, каб яна прайшла не на прыканцы пяцігодкі, а на яе пачатку.