Сьведку па справе Гайдукова звальняюць з працы
Ільлю Багданаву, які праходзіць сьведкам па справе Андрэя Гайдукова, паведамілі ў полацкім КУП ЖКГ, што 27 чэрвеня ў яго будзе апошнім працоўным днём.
Ільля кажа, што працаваў на гэтым прадпрыемстве з 2010 году на розных пасадах. Апошні раз ён быў пераведзены ў юрыдычны аддзел на месца жанчыны, што сышла ў дэкрэтны адпачынак. Звальненьне сталася для яго нечаканай навіной:
«Начальнік юрыдычнага аддзелу сказаў падысьці, я падышоў. Ён сказаў, што заўтра ў мяне апошні працоўны дзень. Я спытаў, па якой прычыне, дзе можна паглядзець загад? Ён сказаў, што загад будзе заўтра. Але такое здараецца ня першы раз. Праз тыдзень пасьля таго, як Гайдукова затрымалі, мяне таксама спрабавалі звальняць, але потым гэта ўсё перагулялася. Дамова ж у мяне дзейнічае да красавіка наступнага году. Заўтра ўсё будзе вядома канчаткова», — сказаў карэспандэнту Свабоды Ільля Багданаў.
Ён адзначыў, што прыкладна тыдзень таму быў дапытаны ў працэсе ў якасьці сьведкі.