У Полацку з’явіўся помнік Мікалаю Цудатворцу
Як паведаміла 8 кастрычніка 2009 г. інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс», у Полацку пры падтрымцы расійскага дабрачыннага фонду ўстаноўлены помнік Мікалаю Цудатворцу.
Трохметровую бронзавую скульптуру, створаную заслужаным мастаком Расіі Сяргеем Ісаковым, асвяціў архіепіскап Полацкі і Глубокскі Феадосій. Помнік узведзены на месцы капліцы, што існавала тут раней. У 1910 г. у ёй быў зроблены апошні прыпынак Крыжовага шляху, падчас якога пераносіліся парэшткі святой Еўфрасінні Полацкай з Кіева-Пячорскай лаўры ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.
Да рэвалюцыі 1917 г. дзень памяці Мікалая Цудатворцы, 19 снежня, святкаваўся ў горадзе як Дзень палачаніна. Полацкі Свята-Мікалаеўскі сабор быў разбураны ў 1960-я гг. Сёння гараджане плануюць аднавіць святыню.