Грошы ад прыватызацыі прысвоіць клан Лукашэнкі

12 ліпеня 2013 07:31  |  Галоўныя навіны

Пры правільным падыходзе на прыватызацыю кватэры трэба 30 гадоў, а не год.

 

Такім чынам сустаршыня па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі пракаментаваў сайту charter97.org заяву міністра ЖКГ аб тым, што за год рэальна назбіраць 300 мільёнаў на прыватызацыю кватэры.

 

«Я перакананы, што міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі кіруецца ўказаннямі вышэйстаячых органаў улады і персанальна Лукашэнкі, які дае разнарадку на рабаванне беларускага насельніцтва. Я так кажу, таму што абсалютна беззаконны і беспадстаўны ўказ інакш, як рабаўніцтвам назваць нельга. У апошні час любымі сродкамі ў людзей канфіскоўваюцца грошы. І мэта ўказа аб прыватызацыі – абабраць да ніткі і без таго бедных беларусаў, якія не змаглі прыватызаваць кватэры раней. Я ўпэўнены, што большасці людзей, чые кватэры не прыватызаваныя, не па сілах сабраць за год такую суму. Большасць гэтых грошай адыдзе ў фонд клана, які ўтрымлівае ўладу», – заявіў палітык.

Ён падкрэсліў, што гэта ўсяго толькі адзін са спосабаў абрабаваць беларусаў.

 

«Будзе таксама павышацца плата за электраэнергію. Улады ўжо нахабна і адкрыта кажуць, што для прыватных гаспадарак і кошты на электраэнергію будуць нашмат больш, чым для прадпрыемстваў. Сённяшні ўрад заяўляе пра сваю сацыяльную арыентаванасць, маўляў, яны спаганяюць падаткі і квартплату, зыходзячы з рэальных даходаў насельніцтва. Для таго каб простая сям’я магла прыватызаваць кватэру, то адпаведна, трэба браць сярэдні даход беларускай сям’і і вылічваць з яго, напрыклад, 30% штомесяц. Такім чынам, прыватызацыя расцягнецца да 30 гадоў, а калі гэта тычыцца райцэнтраў, дзе вельмі нізкія зарплаты, то да 50 гадоў. У такім выпадку, гэта было б больш-менш лагічна. Таму тэрмін у адзін год абсалютна не адпавядае тым даходам, якія маюць сёння беларускія сем’і», – упэўнены Віталь Рымашэўскі.

 

Нагадаем, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шарэц заявіў, што за год рэальна назбіраць 300 мільёнаў на прыватызацыю кватэры.

Болей навін