Абмеркаванне праграмы БХД. Царква

22 ліпеня 2013 09:55  |  Галоўныя навіны

Шаноўнае спадарства! Да абмеркавання прапануецца праект аднаго з раздзелу праграмы БХД – “Царква”. Мы будзем удзячныя за любыя Вашыя праўкі, дадаткі і прапановы.


Царква.

 

2.1. Царква- сэрца грамадства.

 

2.1.1. Хрысціянства – нацыятворчая сіла беларускай гісторыі і аснова беларускай нацыянальнай ідэі. Без веры ў Бога, без Бібліі, без Царквы немагчыма ані ўявіць сабе Беларусь, ані зразумець яе.

 

Хрысціянства стала падмуркам беларускай дзяржаўнасці, нацыянальнай палітыкі і культуры.    Часы найвялікшага росквіту Беларусі былі неадрыўна звязаныя з развіццём хрысціянства на беларускіх землях.   

 

Таму  ацаленне грамадства і адбудова Беларусі як дзяржавы пасля вякоў бязбожжа й акупацыі немагчыма без умацавання царквы і  хрысціянскага адраджэння краіны.

 

2.1.2. Мы вызнаем, што Царква – эпіцэнтр гісторыі, якую творыць Бог, і сэрца чалавечага грамадства. Менавіта стан хрысціянскіх цэркваў тысячу гадоў вызначаў аблічча і змест Беларусі, характар пакаленняў, маральнае здароўе грамадства і моц дзяржавы. Таму эфектыўная і ўстойлівае развіццё беларускага грамадства ў сацыяльных, эканамічных, культурных і палітычных галінах магчыма толькі на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцей.  

 

2.1.3. БХД прызнае роўныя правы за трыма братэрскімі канфесіямі – праваслаўем, каталіцтвам і пратэстантызмам. Беларускае хрысціянскае трыадзінства – падмурак для яднання нацыі і зарука адкрытасці Беларусі ўсяму свету.

 

У сваёй міжканфесійнай працы, палітыцы і ўзаемадачыненнях, якія патрабуюць удзелу вернікаў розных вызнанняў, мы зыходзім з прынцыпу святога Аўгустына: у галоўным – адзінства, у спрэчным – свабода, але ва ўсім – любоў.

 

2.1.4. У сваёй грамадскай і палітычнай працы мы  арыентуемся на сацыяльныя канцэпцыі хрысціянскіх канфесіяў  як на крыніцу  глыбокіх сутнасных адказаў на выклікі і праблемы сучаснасці.

 

2.1.5. Мы разумеем: замяніць дзясяткі тысячаў карумпаваных чыноўнікаў і кіраўнікоў у выніку змены ўлады павінны сумленныя і адказныя людзі – без гэтага рэформы асуджаныя на правал. Патэнцыял усеахопнага, ачышчальнага кадравага абнаўлення мы бачым найперш ва ўцаркоўленых верніках. Толькі праз асабісты прыклад актыўнага  удзелу  хрысціянаў-прафэсіяналаў у палітычным і грамадскім жыцці краіны, нормы біблейскай этыкі могуць быць распаўсюджаны і прыняты ўсім грамадствам. Адпаведна, ядром партыі БХД мы бачым уцаркоўленых вернікаў і сумленных прафесіяналаў у сваіх сферах дзейнасці. Евангельская мараль – з’яўляецца асновай для  пабудовы унутрыпартыйных стасункаў і працы нашай партыі ў грамадстве.

 

2.2. Царкоўныя арганізацыі і свабода сумлення

 

2.2.1. БХД разглядае свабоду сумлення як свабоду трымацца тых або іншых прынцыпаў, поглядаў і перакананняў, свабоду вызнаваць тую ці іншую рэлігію альбо не вызнаваць ніякай. Згодна з поглядамі БХД, свабода сумлення з’яўляецца найважнейшым правам чалавека ў дэмакратычнай дзяржаве. Свабода веравызнання палягае ў тым, што кожная канфесія мае права свабодна існаваць і развівацца у Беларусі, калі яна не парушае законы Рэспублікі Беларусь і не мае дэструктыўнага ўхілу.

 

2.2.2. Кожны чалавек мае права выбіраць форму вызнання той або іншай рэлігіі публічна ці патаемна, аднаасобна ці сумесна з іншымі людзмі. Не павінна існаваць ніякіх абмежаванняў свабоднаму распаўсюду рэлігійных поглядаў і перакананняў. Кожны чалавек павінен мець права на вольнае навучанне асновам выбранай ім рэлігіі, мець права на вольныя рэлігійныя аб’яднанні і царкоўныя суполкі.

 

2.2.3  Царкоўныя арганізацыі таксама як і грамадскія арганізацыі павінны мець магчымасць свабодна ўзнікаць і дзейнічаць. БХД выступае за рэгістрацыю царкоўных суполак заяўным прынцыпам. Рэгістрацыя рэлігійнай арганізацыі з’яўляецца яе правам, а не абавязкам. Гэта значыць, што дзяржаўная рэгістрацыя царкоўных суполак не павінна быць абавязковай, калі самі суполкі не лічаць яе патрэбнай. Недапушчальна любое ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы царкоўных арганізацыяў, за выключэннем выпадкаў, калі маюць месца парушэнні закона.

 

2.2.4. Царкоўныя арганізацыі акрамя ўласна рэлігійнай дзейнасці могуць ажыццяўляць і царкоўна-сацыяльную актыўнасць – дабрачынныя акцыі і мерапрыемствы, нядзельныя школы і царкоўныя пачатковыя школы, удзельнічаць у ажыццяўленні сацыяльнай палітыкі ў якасці суб’екта нароўні з грамадскімі арганізацыямі.  

 

2.2.5. БХД лічыць неабходным забяспечыць наступныя правы царкоўных супольнасцяў:

 

•          права на публічныя пропаведзі і набажэнствы;

 

•          права на выкладанне рэлігіі ў дзяржаўных і прыватных навучальных установах;

 

•          права на выданне, куплю і продаж рэлігійнай літаратуры, часопісаў і газет;

 

•          права на карыстанне сродкамі масавай інфармацыі, радыё і тэлебачаннем;

 

•          права на дабрачынную дзейнасць і збор ахвяраванняў, гэтак жа як і на іншыя формы гаспадарчай і фінансавай дзейнасці, якія не супярэчаць закону;

 

•          права на місіянерскую дзейнасць і на арганізацыю паломніцтва вернікаў да святых мясцін;

 

•          права на ўтварэнне дзіцячых рэлігійных таварыстваў пры абавязковым захаванні прынцыпу добраахвотнасці;

 

•          права на роўныя і справядлівыя адносіны з боку дзяржавы пры аказанні матэрыяльнай або іншай дапамогі.

 

•          права на садзейнічанне з боку дзяржавы пры вяртанні і аднаўленні канфіскаваных або разбураных святыняў і пабудоў, што належалі рэлігійным арганізацыям;

 

•          права на рэабілітацыю бязвінна рэпрэсаваных вернікаў, як святароў, так і міранаў, з абавязковай кампенсацыяй канфіскаванай маёмасці і прызначэннем адпаведнай пенсіі і іншай дапамогі;

 

•          права на асабісты характар рэлігійных перакананняў ці іх адсутнасць з забаронай прымусовага атрымання звестак аб рэлігійных перакананнях грамадзян;

 

2.3. Актыўныя цэрквы – адраджэнне краіны.

 

2.3.1. Відавочна, што дзяржава не ў стане спраўляцца з усімі сацыяльнымі праблемамі – і БХД выступае за дэлегаванне як мага большага ўдзелу ў іх вырашэнні цэрквам. Цэрквы могуць цёпла і годна рупіцца пра сіротаў, непаўнаспраўных, пажылых, аказваць дапамогу ў рэабілітацыі нарка- і алказалежных. Адначасова дзяржава мусіць аказваць бюджэтную падтрымку тым арганізацыям і ініцыятывам, якія актыўна займаюцца дабрачыннасцю. БХД – за перадачу ва ўласнасць такіх цэркваў пустуючых будынкаў, зямлі для пабудовы рэабілітацыйных цэнтраў, хоспісаў і дзіцячых летнікаў.

 

2.3.2. БХД будзе дамагацца фармавання дзяржаўнага заказу ў галіне сацыяльнай абароны з парытэтным фінансаваннем дабрачынных праграмаў уладай, цэрквамі і грамадскімі арганізацыяі праз сістэму тэндэраў.

 

2.3.3. БХД за тое, каб грамадзяне і юрыдычныя асобы, якія фінансуюць дабрачынную дзейнасць ільгатаваліся ў аб’ёме не менш як 20% ад падатку на прыбытак.

 

2.3.4. БХД выступае за тое, каб надаць магчымасць царкоўным і грамадскім дабрачынным арганізацыям атрымліваць у арэнду аб’екты рэспубліканскай і камунальнай уласнасці без праходжання конкурсных працэдураў (аукцыёнаў).

 

2.3.5. БХД  за вызваленне рэлігійных арганізацыяў ад выплаты падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе ў краіну багаслужбовай літаратуры і прадметаў, неабходных для рэлігійнай дзейнасці.

 

2.3.6. БХД патрабуе вяртання адабраных савецкай уладай храмаў і капліцаў ва ўласнасць цэркваў. Землі, якімі валодалі цэрквы (да 1917 года) у большасці выпадкаў вярнуць немагчыма – але з улікам прымусовай і гвалтоўнай канфіскацыі ў часы камузнізму ўлада мусіць прапанаваць участкі пад дапаможныя пабудовы ды царкоўную гаспадарку.

 

2.3.7. БХД будзе дамагацца таго, каб надаць рэлігійным арганізацыям права на стварэнне ўстановаў духоўнай адукацыі, і ўвядзенне іх у пералік установаў адукацыі, на роўні з іншымі, замацаванымі заканадаўча, а таксама за ўраўненне ў правах студэнтаў і выкладчыкаў духоўных навучальных установаў са студэнтамі і выкладчыкамі іншых установаў адукацыі.

 

2.3.8. БХД выступае за тое, каб замацаваць за царкоўнымі арганізацыям права на стварэнне агульнаадукацыйных навучальных установаў.

 

2.3.9. БХД выступае за стварэнне ўплывовых назіральных радаў з удзелам прадстаўнікоў цэркваў на асноўных дзяржаўных і грамадскіх тэлеканалах.

Болей навін