Віталь Рымашэўскі: Мы па-ранейшаму выключаныя з палітычнага жыцця (відэа)

23 ліпеня 2013 09:03  |  Галоўныя навіны

Беларускі рэжым стварае толькі бачнасць паляпшэння палітычнай сітуацыі ў краіне, каб дагадзіць Захаду.

 

Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), каментуючы заканчэнне тэрмінаў адбыцця пакарання ў пяці чалавек, асуджаных за Плошчу-2010.

 

«Нягледзячы на гэта, за кратамі застаюцца шмат палітвязняў. Я не сумняваўся ў тым, што суд у Ірыны Халіп пройдзе без эксцэсаў. Практычна Лукашэнка дае сігнал Захаду, што нейкія сімвалічныя крокі насустрач зробленыя. Тым не менш, мы застаемся не рэабілітаванымі. Гэта значыць, што з усіх, хто быў арыштаваны за Плошчу: Андрэя Саннікава, Паўла Севярынца, мяне асабіста і ўсе астатніх, судзімасць не знятая. Мы не можам удзельнічаць у поўнафарматных выбарчых кампаніях, у тым ліку і ў прэзідэнцкай», – адзначыў палітык.

 

Ён падкрэсліў, што рэжым такім чынам часткова дасягнуў сваіх мэтаў – прыбраў з палітычнага поля сваіх апанентаў.

 

«Усё сведчыць пра тое, што на працоўных, на пенсіянераў і на актывістаў палітычных партый і грамадскіх арганізацыі ціск не толькі не спыняецца, але і ўзмацняецца. Гэта значыць, што рэальных паляпшэнняў няма, а вызваленне нас ад адбыцця пакарання зроблена для галачкі і бачнасці зменаў. Нават гэта з’яўляецца вымушаным крокам, таму што ўлады з задавальненнем падоўжылі б гэтыя тэрміны і далі б больш жорсткія. Таму можна сказаць, што ў Беларусі няма былых палітвязняў, а ёсць рэальныя закладнікі рэжыму. Да іх адносяцца не толькі палітычныя дзеячы, але і простыя грамадзяне Беларусі, якія нашмат менш абароненыя, чым палітыкі», – перакананы Віталь Рымашэўскі.

 

Нагадаем, у Сяргея Вазняка, Аляксандра Фядуты, Андрэя Дзмітрыева, Віталя Рымашэўскага і Сяргея Марцалева скончыліся тэрміны адбыцця пакарання за падзеі 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці ў Менску.

 

Болей навін