Віталь Рымашэўскі: адказнасць за педафілію трэба ўзмацняць

24 ліпеня 2013 09:42  |  Галоўныя навіны

У Беларусі трэба рабіць больш жорсткай адказнасць за педафілію і іншыя дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да дзяцей і непаўнагадовых. Такім чынам сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў ініцыятыву МУС па ўзмацненні дадзенай адказнасці.

 

Пры гэтым ён заклікаў браць узор з заканадаўства развітых краін, дзе праваахоўнікам не трэба чакаць, пакуль у дачыненні да дзяцей будзе здзейснены гвалт.

 

Разам з тым Віталь Рымашэўскі лічыць неабходным рэфармаць самую судовую сістэму, якая сёння служыць сродкам рэпрэсій і часта няздольная абараніць дзяцей ад разбэшчвання. Патрабуе, на яго думку, рэформы і пенітэнцыярная сістэма, якая не выпраўляе людзей, а ставіць іх на шлях далейшай крыміналізацыі.

 

“Таксама трэба спыніць рэкламу разбэшчанасці, прастытуцыі, якая ідзе з экранаў беларускага тэлебачання, адкрыта прапагандуецца на “конкурсах прыгажосці” і гэтак далей. Больш за тое, прыклад маральнага разлажэння дае і вышэйшае кіраўніцтва краіны. Усё гэта толькі спрыяе таму, што ў Беларусі пашыраюцца разбэшчанасць, педафілія, прастытуцыя”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін