Віталь Рымашэўскі: Макей – саўдзельнік усіх злачынстваў рэжыму

24 ліпеня 2013 16:10  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі лічыць, што Макею не тое што ў Брусэль ці Вільню ездзіць не трэба – яго ў Еўропе наогул быць не павінна.

 

«Для выключэння Макея са спісу неўязных у ЕЗ не было ніякіх прычын. Ён нясе адказнасць за парушэнні правоў чалавека і за ўсё, што адбывалася ў Беларусі 19 снежня 2010 года, ён з’яўляецца саўдзельнікам усіх злачынстваў, учыненых тады і тых, якія здзяйсняюцца цяпер у дачыненні да палітвязняў. Ролю камунікатара з ЕЗ мог выконваць іншы чалавек», – заявіў ён карэспандэнту сайта «Товарищ.online».

 

Што ж тычыцца паездкі Макея ў Вільню, то Рымашэўскі прапануе іншы фармат удзелу Беларусі ў гэтым саміце.

 

«Па-першае, зараз вядуцца перамовы пра тое, каб у яго рабоце ўдзельнічалі і прадстаўнікі апазіцыі. Гэта важная пляцоўка для данясення інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Па-другое, калі Макей ужо вельмі зацікаўлены ў бізнес-вымярэнні, то давайце тады пагаворым там і пра эканамічныя правы беларусаў: пра ўвядзенне «залатой акцыі», пра ціск на прадпрымальнікаў і бізнес, пра прыватызацыю наогул і дзяржаўных кватэр цяпер у прыватнасці. А то ў нас «эканамічнае супрацоўніцтва» разумеецца, як супрацоўніцтва Еўропы і праўладных алігархаў. Так давайце запросім туды нармальны прыватны бізнес!» – кажа экс-кандыдат у прэзідэнты.

 

Як лічыць палітык, «Беларусь павінна быць прадстаўленая на гэтым форуме, але не Макеем».

Болей навін