Заява аргкамітэту БХД. Не дамо бандытам распраўляцца з нашымі дзецьмі!

27 ліпеня 2013 13:49  |  Галоўныя навіны

Аргкамітэт Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі абураны фактамі дзікунскага бандытызму, здзейсненага ў дачыненні да дачкі нашага актывіста Вячаслава Шэлега.

 

27 ліпеня ягоная 16-гадовая дачка Наталля выйшла з хаты на традыцыйную ранішнюю прабежку і не вярнулася. На тэлефон не адказвала. Увесь гэты час дзяўчына правяла ў лесе. Як высветлілася, на стадыёне пасля прабежкі, калі яна падышла да турніка, нехта ззаду стукнуў Наталлю па патыліцы цяжкім, тупым прадметам. Дзяўчына страціла прытомнасць, пасля яе паклалі ў машыну і вывезлі ў лес. Без прытомнасці яна правяла каля дзвюх гадзін. Яна была ўся перапэцканая чорнай фарбай. Абутку на ёй не было, вопратка была разарваная.

 

Вячаславу Шэлегу, які ёсць адным з каардынатараў Камітэту па супрацьдзеянні карупцыі, неаднаразова пагражалі праблемамі прадстаўнікі мясцовай улады. Месяц таму яго папярэдзілі, што, калі ён не спыніць сваю дзейнасць, праблемы будуць з дзецьмі. Цяпер мы бачым, якім нялюдзкім чынам гэтыя праблемы ўвасабляюцца. Аргкамітэт БХД прыкладзе ўсе намаганні, каб выявіць тых, хто спланаваў і ажыццявіў гэтую расправу над невінаватаю дзяўчынай.

 

Мы патрабуем ад органаў міліцыі і пракуратуры дзейснага розшуку бандытаў. Мы заклікаем усіх тых, хто можа ведаць інфармацыю пра гэтае злачынства, паведамляць акалічнасці выкрадання.

 

Рукі прэч ад нашых дзяцей!

Болей навін