Пасля выкрадання Наталлі Шэлег ў Бабруйску стварылі грамадзянскі камітэт па абароне дзяцей (відэа)
У сувязі з выкраданнем дачкі бабруйскага актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Вячаслава Шэлега праваабаронцы, журналісты, прадстаўнікі палітычных рухаў і іншыя грамадзяне ствараюць камітэт па абароне дзяцей.
Такое рашэнне па выніках круглага стала 31 ліпеня ў Бабруйску абнародвала каардынатар аргкамітэта па Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук, перадае БелаПАН.
27 ліпеня 16-гадовая дачка Шэлега была шпіталізавана ў Бабруйскую цэнтральную лякарню з падазрэннем на страсенне мозгу. Па словах бацькі, невядомыя ўдарылі Наталлю па галаве падчас ранішняй гімнастыкі, а затым дзяўчыну, якая страціла прытомнасць, вывезлі ў лес за 20 кіламетраў ад Бабруйска, дзе пакінулі яе, запэцканую чорнай фарбай. Апазіцыянер звязвае інцыдэнт са спробай спэцслужбаў аказаць ціск на яго, каб ён адмовіўся ад актыўнай палітычнай дзейнасці.
На пасяджэнні круглага стала прысутнічала каля трох дзесяткаў чалавек, сярод якіх былі прадстаўнікі БХД, Партыі БНФ, «Справядлівага свету», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” (БСДП), а таксама мясцовыя журналісты, праваабаронцы і звычайныя гараджане. У грамадзянскі камітэт ўвайшло 18 чалавек, спіс застаецца адкрытым.
«Мы ствараем грамадзянскі камітэт, возьмем на сябе абавязацельства праінфармаваць аб гэтым выпадку бабруйчан, – сказала Кабанчук. – Гаворка не пра кароткую інфармацыю, а пра тое, як ідзе расследаванне. Накіруем працу на інфармаванне і кансалідацыю грамадства вакол гэтай сям’і, каб такога не здарылася ні з кім з нас».
Удзельнікі сходу падрыхтавалі план калектыўнага звароту, які плануецца 5 жніўня накіраваць у праваахоўныя органы, уключаючы Следчы камітэт, і органы мясцовай улады. У ім грамадзяне выказваюць «вялікае абурэнне здарэннем з Наталляй Шэлег» і заяўляюць, што пагрозы рознага роду паступаюць грамадскім актывістам «рэгулярна і маюць паслядоўны характар».
Аўтары звароту незадаволеныя тым, што дзеянні невядомых у адносінах да 16-гадовай дзяўчыне кваліфікаваныя толькі як хуліганства. Акрамя таго, яны просяць следчыя органы «весці следства максімальна празрыста і інфармаваць грамадскасць», а таксама ініцыяваць у верасні «грамадскія слуханні з грамадзянамі і прадстаўнікамі праваахоўных органаў па выніках расследавання».