Георгі Дзмітрук пра інцыдэнт з Наталляй Шэлег: назваць гэта хуліганствам – прымітыўна

01 жніўня 2013 08:34  |  Палітыка

Злачынныя дзеянні невядомых асобаў у дачыненні да непаўналетняй дачкі бабруйскага апазіцыянера Вячаслава Шэлега павінны быць перакваліфікаваны на больш суворы артыкул Крымінальнага кодэкса.

 

Такое меркаванне 31 ліпеня на «круглым стале» у Бабруйску выказаў былы супрацоўнік крымінальнага вышуку, падпалкоўнік у адстаўцы, сябра Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Альберт Семяржыцкі, перадае БелаПАН.

27 ліпеня 16-гадовая дачка актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Шэлега, была шпіталізавана ў Бабруйскую цэнтральную лякарню з падазрэннем на страсенне мозгу. Па словах бацькі, невядомыя ўдарылі Наталлю па галаве падчас ранішняй гімнастыкі, а затым дзяўчыну, якая страціла прытомнасць, вывезлі ў лес за 20 кіламетраў ад Бабруйска, дзе пакінулі яе, запэцканую чорнай фарбай. Апазіцыянер звязвае інцыдэнт са спробай спэцслужбаў аказаць ціск на яго, каб ён адмовіўся ад актыўнай палітычнай дзейнасці.

Па словах Семяржыцкага, у сітуацыі, калі пацярпелы – непаўналетні, бацька з’яўляецца яго законным прадстаўніком, які мае права настойваць на пэўнай кваліфікацыі крымінальнай справы, дамагацца гэтага з дапамогай адваката або праз суд.

Кваліфікаваць гэту справу па арт. 339 КК (хуліганства), на думку былога праваахоўніка, няправільна. «Пасля хуліганы могуць падлягаць ўмоўна-датэрміноваму вызваленню, амністыі, ён прадугледжвае невялікія тэрміны», – растлумачыў эксперт.

«У дадзеным выпадку гаворка павінна ісці пра арт. 182 КК (выкраданне чалавека), які адносіцца да катэгорыі цяжкіх злачынстваў, – перакананы Семяржыцкі. – Злачынца, яго здзейсніў, можа ісці на УДВ толькі пасьля адбыцця двух трацінаў тэрміну пакарання. Такія людзі, як правіла, не падлягаюць амністыі».

Назваць гэты інцыдэнт хуліганствам – прымітыўна, лічыць сустаршыня аргкамітэта БХД Георгій Дзмітрук. На яго думку, калі невядомыя сапраўды кіраваліся толькі хуліганскімі намерамі, то яны будуць знойдзеныя праз два-тры дні. «Але калі справа будзе зацягвацца ці яе не перакваліфікуюць, то будзе зразумела, што тут нешта хаваецца», – сказаў сустаршыня.

Болей навін