Павал Севярынец: поўная і безагаворачная рэабілітацыя!
Прэсавая служба Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі пацікавілася ў сустаршыні аргкамітэту, палітвязня Паўла Севярынца, як ён ставіцца да прапановаў адмовіцца ад патрабаванняў поўнай рэабілітацыі палітвязняў.
– У сённяшні час чуюцца прапановы перагледзець паняцце рэабілітацыі палітвязняў Плошчы, на якой настойвае Еўразвяз. Маўляў, патрабаванне поўнай рэабілітацыі ад рэжыму нерэальна і лепш засяродзіцца на “палітычнай” – зняцці судзімасці. Як вы да гэтага ставіцеся?
– Дзіўная пазіцыя. Адседзець тры гады па сфальшаваных абвінавачваннях, а потым у выніку міжнароднага гандлю атрымаць магчымасць удзельнічаць у “выбарах”, якіх няма? Нават у СССР правялі рэабілітацыю ахвяр сталінскіх рэпрэсій і прызналі, што яны асуджаныя незаконна. Настойваць на поўнай рэабілітацыі – гэта наш абавязак перад усімі пацярпелымі. Рэжым садзіць у вязніцу Андрэя Гайдукова, распачынае новыя крымінальныя справы супраць арганізатара дабрачыннага прытулку каталіка Аляксея Шчадрова, арыштоўвае ксяндза Уладзіслава Лазара; выкрадаюць дачку сябра БХД Вячаслава Шэлега, а яго самога збіваюць. Зноў судзяць Уладзя Яроменка і Васіля Парфянкова, працягваюць мучыць Статкевіча, Васьковіча, Бяляцкага, Аўтуховіча, Дашкевіча, Лобава, Аліневіча, Францкевіча, Пракапенку, Дзядка – а мы будзем шукаць, як бы аблегчыць жыццё лабістам рэжыму?
Поўная і безагаворачная рэабілітацыя. Іншай пазіцыі і быць не можа. Рана ці позна Беларусь будзе вольнай, і тады справядлівасць адновіцца.